Што такое «карэйскі сцэнар» падзелу тэрыторый?
Падзел Карэі пачаўся з паразы Японіі ў Другой сусьветнай вайне. Да таго Карэя доўгі час была японскай калёніяй. Падчас вайны саюзьнікі, якія ваявалі супраць Японіі, дамовіліся, што Карэя будзе вызваленая і перададзеная пад міжнароднае кіраваньне, пакуль яны ня вырашаць, што краіна гатовая да самакіраваньня.
У апошнія дні вайны Злучаныя Штаты і СССР дамовіліся падзяліць Карэю на дзьве акупацыйныя зоны зь лініяй падзелу ўздоўж 38-й паралелі. Лічылася, што гэта будзе часова. Аднак з пачаткам Халоднай вайны перамовы паміж ЗША і СССР аб утварэньні незалежнай і аб’яднанай Карэі праваліліся.
Карэйскае пытаньне перадалі ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый. Аднак Савецкі Саюз не прыняў плян, прапанаваны ААН. У выніку выбары пад назіраньнем ААН прайшлі толькі на поўдні, у амэрыканскай зоне акупацыі. На іх перамог Лі Сын Ман, якога падтрымлівалі ЗША. У савецкай зоне акупацыі ўладу атрымаў Кім Ір Сэн.
15 жніўня 1948 году на поўдні абвясьцілі Рэспубліку Карэю, а 9 верасьня 1948 году на поўначы зьявілася Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка, якую падтрымліваў Савецкі Саюз.
Абодва ўрады заяўлялі, што прэтэндуюць на ўсю тэрыторыю Карэі. У 1950 годзе Паўночная Карэя з савецкай падтрымкай напала на Паўднёвую Карэю. У вайне, якая цягнулася да 1953 году, загінулі каля 3 мільёнаў чалавек — большасьць зь іх мірныя грамадзяне.
Аднак па выніках вайны тэрытарыяльны падзел практычна не зьмяніўся — Карэя засталася падзеленая ўздоўж той самай 38-й паралелі, дзе цяпер так званая «дэмілітарызаваная зона». Ваенныя дзеяньні завяршыліся перамірʼем, а КНДР і Паўднёвая Карэя афіцыйна дагэтуль знаходзяцца ў стане вайны.
Што значыць такі сцэнар для цяперашняй Украіны?
Паводле начальніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны Кірылы Буданава, пасьля няўдач пад Кіевам і немагчымасьці зрынуць цэнтральную ўладу Ўкраіны Пуцін ужо мяняе асноўныя апэратыўныя напрамкі вайны — цяпер гэта поўдзень і ўсход. Буданаў лічыць, што Расея будзе спрабаваць навязаць лінію падзелу паміж неакупаванымі і акупаванымі абласьцямі Ўкраіны.
Паводле яго, гэта фактычна будзе спроба стварыць «Паўночную і Паўднёвую Карэю» ва Ўкраіне — расейцы паспрабуюць абʼяднаць акупаваныя тэрыторыі ў адзінае квазідзяржаўнае ўтварэньне, якое будзе супрацьстаяць незалежнай Украіне. «Мы ўжо назіраем спробы стварыць „паралельныя“ органы ўлады на акупаваных тэрыторыях і прымусіць людзей адмовіцца ад грыўні. Магчыма, яны захочуць патаргавацца за гэта і на міжнародным узроўні», — сказаў Кірыла Буданаў.
Ён таксама перакананы, што для Расеі па-ранейшаму актуальнае пытаньне аб тым, каб стварыць сухапутны калідор у Крым. Але галоўная праблема для рэалізацыі гэтага пляну — Марыюпаль, які скаваў значныя расейскія сілы, сказаў Буданаў.
Наколькі верагодна, што «карэйскі сцэнар» будзе рэалізаваны ва Ўкраіне?
Дырэктар украінскага Цэнтру блізкаўсходніх дасьледаваньняў Ігар Сяміволас адзначыў у гутарцы з Радыё Свабода, што на акупаваных тэрыторыях расейскія войскі спрабуюць увесьці вельмі жорсткі кантроль.
«Гэта і рэпрэсіі, і ўвядзеньне рубля, і адключэньне ўкраінскіх каналаў, сувязі. Гэта значыць — забясьпечыць практычна поўную ізаляцыю. Выглядае, што наступным крокам можа быць правядзеньне нейкіх псэўдазахадаў дзеля арганізацыі акупацыйнай улады, а гэта значыць, што такі сцэнар можна, у прынцыпе, разглядаць. Іншая рэч, што сцэнар карэйскай вайны ўзьнік тады, калі бакі вычарпалі, так бы мовіць, рэсурсы і загадзя дамовіліся», — сказаў Сяміволас.
Паводле Сяміволаса, змаганьне ўкраінцаў робіць такі сцэнар пакуль малаверагодным, бо ўкраінскія войскі працягваюць баявыя дзеяньні і фронт вельмі няўстойлівы. Аднак, на ягоную думку, тое, што цяпер робяць расейскія сілы ва Ўкраіне, — гэта «тэрор супраць украінскіх грамадзян на акупаваных тэрыторыях. Бесьперапынны тэрор, каб здушыць любы супраціў».
«Пастаянны тэрор, а потым культывацыя такіх маральных монстраў, як Кім Чэн Ір ці Кім Ір Сэн і іншыя. Гэта тое, што мы маем на ўвазе, калі глядзім на карэйскі сцэнар. А ў нас ёсьць свае маральныя монстры ў выглядзе „ОРДЛО“, і каб зразумець, што гэта будзе, можна паглядзець на „ОРДЛО“ або акупаваны Крым», — сказаў Сяміволас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генштаб Украіны: Расея набірае пракурораў і судзьдзяў для працы на акупаванай тэрыторыі ЎкраіныМеркаваньне: «Крывавая язва», а не Карэя
Рэдактарка міжнароднага аналітычнага парталу The Conversation Джо Адэтунджы, разглядаючы магчымасьць «карэйскага сцэнару» для Ўкраіны, піша, што да нядаўняга часу расейскія войскі ва Ўкраіне праводзілі тры ў значнай ступені асобныя апэрацыі: каля Кіева на поўначы, вакол Харкава на ўсходзе і апэрацыю на поўдні, якая цяпер сфакусаваная на Марыюпалі. Паводле яе, цяпер расейцы, верагодна, будуць працягваць ціск на Кіеў, але ня будуць спрабаваць захапіць горад, на ўсходзе паспрабуюць утрымаць захопленыя тэрыторыі і пры гэтым нанесьці страты ўкраінскай арміі, каб тая не магла перакінуць дадатковыя сілы на поўдзень і асабліва на Данбас.
Аднак нават калі ў Пуціна атрымаецца падзяліць Украіну паводле карэйскай мадэлі, піша Адэтунджы, ён ужо ня здолее стварыць «замарожаны канфлікт» і ўтварыць на частцы тэрыторыі Ўкраіны падабенства Абхазіі ці Чачні пад кантролем расейскай марыянэткі Рамзана Кадырава. Нават Афганістан 1980-х памеркне ў параўнаньні, лічыць яна.
Украінскія, амэрыканскія і іншыя спэцслужбы маюць кантакты зь лідэрамі тэрытарыяльнай абароны Ўкраіны за лініямі расейскай акупацыі, і тыя ўжо эфэктыўна дзейнічаюць, каб перарваць расейскія лініі забесьпячэньня і лягістыку, адзначае Адэтунджы.
«З 1807 па 1814 год на Ібэрыйскім паўвостраве Напалеону давялося змагацца з гішпанскай, партугальскай і брытанскай арміямі і ў той жа час з усюдыіснымі лютымі паўстанцамі. Ён назваў тую вайну „крывавай язвай“, якая забірала ў яго людзей і ўзбраеньні. Цяпер задача Захаду — зрабіць Украіну для Пуціна тым, чым Гішпанія была для Напалеона».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прайграць вайну, але захаваць дыктатуру. Пра што маўчыць ЛукашэнкаПаралельна з ваеннымі дзеяньнямі ўкраінцаў, якія атрымліваюць сучасныя заходнія ўзбраеньні, Захад будзе працягваць атаку на расейскую эканоміку, лічыць Адэтунджы.
«Калі Пуцін плянуе дзейнічаць паводле карэйскай мадэлі, ён праваліцца. Існуе вялікая імавернасьць, што Пуцін не зусім разумее, наколькі кепска цяпер дзейнічае ягоная армія. Хай будзе так — ён дастаткова хутка даведаецца, што ў яго цяпер няма шляху да ваеннай перамогі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абстрэлы Луганшчыны, адвод расейскіх войскаў ад ЧАЭС, гуманітарны калідор для Марыюпалю. 36-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны