Як адказала Мінздароўя на пэтыцыю, ці аказваецца мэддапамога ваеннаслужачым РФ і на якіх умовах

Расейскі чыгуначны састаў з расейскай вайсковай тэхнікай на станцыі Навабеліца ў Гомлі. Ілюстрацыйнае фота.

Міністэрства аховы здароўя і ўпраўленьне аховы здароўя Гомельскага аблвыканкаму далі адказы на пэтыцыю грамадзян на тэму аказаньня мэдычнай дапамогі параненым расейскім вайскоўцам.

Аўтары пэтыцыі адзначалі, што ў бальніцах Гомля, Мазыра і Ельску параненым ваеннаслужачым УС РФ аказваецца мэдычная дапамога. «Аднак Міністэрства аховы здароўя ніяк не камэнтуе факты аказаньня мэдычнай дапамогі параненым ваеннаслужачым РФ», — гаварылася ў пэтыцыі.

Грамадзяне прасілі Міністэрства аховы здароўя патлумачыць, ці аказваецца мэдычная дапамога ўдзельнікам баявых дзеяньняў з боку РФ, і калі так, то з прыцягненьнем ці без прыцягненьня беларускіх спэцыялістаў, на якіх фінансавых умовах.

Начальнік галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Аляксей Шчарбінскі адзначыў у сваім адказе, што «факт звароту пацыента па мэдычную дапамогу складае лекарскую тайну». «Аказаньне мэддапамогі ваеннаслужачым УС РФ магчымае на падставе Пагадненьня аб арганізацыі мэдычнага забесьпячэньня ваеннаслужачых і членаў іх сем’яў, рабочых і служачых Узброеных сіл дзяржаў — удзельніц Садружнасьці, Абʼяднаных Узброеных сіл СНД 1992 году», — напісаў чыноўнік.

Адказу наўпрост на пытаньні ён ня даў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Іхны стогн на ўвесь шпіталь немагчыма слухаць». Крыніцы: з тэрыторыі Гомельшчыны ўжо вывезьлі ў Расею звыш 2 500 мёртвых вайскоўцаў