Захад і расейскі газ: што трэба ведаць

У дадатак да сваёй ваеннай моцы Расія валодае вялікай палітычнай зброяй: пастаўкамі энэрганосьбітаў у ЭЗ. У адказ на ўварваньне Масквы ва Ўкраіну лідэры ЭЗ уводзяць жорсткія санкцыі супраць Масквы. Яны таксама абмяркоўваюць складаную задачу — як зьменшыць залежнасьць ад расейскага імпарту газу.

Геапалітычны распадзел паміж Расеяй і Захадам драматычна паглыбіўся — магчыма, незваротна — пасьля несправакаванага ўварваньня Масквы ва Ўкраіну. Але адна важная праблема надалей іх зьвязвае: энэргія.

Расея доўгі час была галоўным пастаўніком прыроднага газу ў Эўрапейскі Зьвяз. У першым квартале 2021 году на долю Расеі прыпадала амаль палова ўсяго прыроднага газу, імпартаванага Эўразьвязам.

«Паўночны паток — 2»

«Паўночны паток — 2» — гэта газаправод коштам 11 млрд даляраў, прызначаны для дастаўкі прыроднага газу ў Нямеччыну з Расеі праз Балтыйскае мора. У гэтага праекту шмат крытыкаў, якія зазначаюць, што ён толькі павялічыць залежнасьць ЭЗ ад расейскага газу і пазбавіць Украіну жыцьцёва важных даходаў ад транзыту праз газаправоды, якія праходзяць празь яе тэрыторыю.

Аднак ва ўмовах уварваньня Расеі ва Ўкраіну канцлер Нямеччыны Олаф Шольц абвясьціў, што Бэрлін прыпыняе сэртыфікацыю «Паўночнага патоку — 2», што на няпэўны тэрмін адкладае ўвядзеньне праекту ў дзеяньне. Злучаныя Штаты абвясьцілі, што накладаюць санкцыі супраць кампаніі «Nord Stream 2 AG» і яе супрацоўнікаў.

Урсуля фон дэр Ляен, старшыня Эўракамісіі, прызнала залежнасьць ЭЗ ад расейскага прыроднага газу, але падтрымала рашэньне нямецкага ўраду.

Калі не з Расеі, то адкуль?

Дык адкуль ЭЗ можа атрымаць прыродны газ апрача Расеі?

Эўразьвяз шмат гадоў спрабуе пазбавіцца залежнасьці ад расейскага газу, але ўсё яшчэ прывязаны да Масквы, і поўнасьцю разарваць гэтую сувязь будзе нялёгка.

Нямеччына можа таксама імпартаваць газ праз газаправодам з Нарвэгіі празь Нідэрлянды, Вялікабрытанію і Данію. Але Нарвэгія пастаўляе газ у максымальным аб’ёме і ня можа замяніць пастаўкі, якія б перасталі прыходзіць з Расеі.

Катар, адзін з найбольшых у сьвеце вытворцаў звадкаванага прыроднага газу, таксама абвясьціў, што ня мае магчымасьці замяніць расейскія пастаўкі газу ў Эўропу, бо бальшыня экспартаваных аб’ёмаў зьвязаныя з доўгатэрміновымі кантрактамі.

Ва ўмовах агрэсіі Расеі супраць Украіны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн паабяцаў дапамагчы Эўразьвязу знайсьці іншыя крыніцы прыроднага газу.

Урсуля фон дэр Ляен у сваю чаргу падкрэсьліла патрэбу інвэставаць у аднаўляльныя крыніцы энэргіі.