Ці расьце імавернасьць таго, што Лукашэнка пашле беларускае войска ваяваць супраць Украіны? Пры якім разьвіцьці падзеяў расейскія войскі застануцца ў Беларусі? Ці выкліча вайна Расеі ва Ўкраіне палітычныя зьмены ў Беларусі?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
Прапануем асноўныя тэзісы экспэрта.
- Тое, што беларускае войска пашлюць на вайну зараз, менш актуальна, чым тады, калі ў Расеі былі пляны ўзяць Кіеў. Тады здавалася, што расейцам спатрэбіцца падмацаваньне жывой сілай. Магчыма, у іх былі сцэнары, у якіх беларускія вайскоўцы ахоўвалі б тылы, тую ж ЧАЭС.
- Калі Расея плянуе абмежаваць свае вайсковыя апэрацыі на поўначы Ўкраіны, то беларускі фактар патрэбны ёй як навіслая пагроза, магчымасьць, якая адцягвае ўкраінскія сілы. А кідаць беларускія войскі ў бой ім не патрэбна, гэта дамоклаў меч.
- Зараз магчыма ўсё — ад паразы Расеі да ядзернага ўдару. Таму ўдзел беларускіх войскаў у вайне выключаць нельга. Але Лукашэнка будзе гэтаму супраціўляцца. І пытаньне для Пуціна — ці варта ў гэтым ламаць Лукашэнку праз калена, з улікам пазыцыі грамадзтва і нават беларускай намэнклятуры.
- Калі Лукашэнка адмаўляўся раней, то аргумэнтаў, каб адмаўляцца і надалей, будзе больш. Бо ніякай хуткай перамогі няма.
- Лукашэнка найперш эгаіст, а толькі ў другую чаргу — русафіл. Пасылаць войскі, калі гэта можа аслабіць унутрыпалітычную стабільнасьць Лукашэнкі, — вялікая рызыка для яго. Як паказваюць сацыялягічныя апытаньні, большасьць нават яго прыхільнікаў супраць выпраўленьня беларускіх войскаў на вайну ва Ўкраіну.
- Я і да вайны прадказваў, што з боку Лукашэнкі будзе лягістычная, тылавая, мэдычная падтрымка вайны, але не наўпроставы ўдзел. А зараз, калі парад на Храшчаціку неактуальны, гэта яшчэ менш імаверна.
- Пуцін не патрабуе жорстка ад Лукашэнкі паслаць войскі на вайну, бо Пуціну важна мець надзейнага хаўрусьніка.
- Я б не адмаўляў суб’ектнасьці Лукашэнкі. Вайсковая прысутнасьць РФ, вайна, адразаньне заходняга вэктару абмяжоўваюць вайсковы сувэрэнітэт Беларусі. Але сувэрэнітэт ня зводзіцца да вайсковага сувэрэнітэту. І ён не абмяжоўваецца часам — расейскія войскі як прыйшлі, гэтак могуць і сысьці.
- Калі Лукашэнка зараз абмежаваны, гэта ня значыць, што ён заўсёды будзе Пушыліным, кіраўніком «ДНР». Няма прыкметаў, каб беларуская бюракратыя ці сілавікі падпарадкоўваліся наўпрост Пуціну.
- Калі Лукашэнка будзе адчуваць, што Расея слабее, мяркую, мы зноў убачым Лукашэнку, які балянсуе паміж Расеяй і Захадам.
- Ёсьць сцэнары, пры якіх расейскія войскі ў Беларусі не застануцца. Найперш гэта параза Расеі. Іншы варыянт — гэта забурэньні ў самой Расеі. Яшчэ адзін варыянт — гэта настолькі вострыя баі на Данбасе, якія запатрабуюць накіраваньня туды ўсіх расейскіх войскаў, у тым ліку і дысьлякаваных у Беларусі.
- Паглядзім, ці будзе Лукашэнка гатовы на поўнамаштабную расейскую вайсковую базу з адпаведным разьмяшчэньнем. Войскі могуць застацца, калі Расея атрымае поўную перамогу ва Ўкраіне. Я нешта ня надта веру ў поўную перамогу расейскай зброі. Вайна зь першых дзён ідзе не паводле пляну Расеі.
- Расейскія агрэсіўныя дзеяньні прадыктаваныя не жаданьнем далучыць да сябе суседнія тэрыторыі, а поглядам на NATO і яго набліжэньнем да расейскіх межаў. Калі мы зыходзім з такой лёгікі, а ня зь лёгікі імпэрскага «пыласмока», то Беларусь Расеі не патрэбная. Калі б дамінавала лёгіка «пыласмока», то чаму не далучылі Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, чаму раней не далучылі «ЛДНР»?
- Рэалістычная пагроза далучэньня Беларусі да РФ узьнікае ў выпадку рашучага развароту Беларусі ў іншы геапалітычны бок. Пакуль Лукашэнка відавочна ня выйшаў за гэтыя сьцяжкі.
- Нават далучэньне Данбасу для Пуціна будзе мець больш прапагандысцкіх бонусаў. Данбас ён як бы ўратаваў ад «бандэраўцаў». Ад каго ён уратаваў ці ўратуе Беларусь? Усе даваенныя апытаньні паказваюць, што гэтага не хацелі ані беларусы, ані расейцы.
- Магчымасьці для мадэрнізацыі, для рыўку перад былымі расейскімі сатэлітамі адкрываюцца тады, калі Расея слабее. Так было ў 1917–1917 гадах і ў канцы 80-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Мяркую, што і зь цяперашняга крызісу Расея выйдзе слабейшай, чым яна была да 24 лютага сёлета.
- Зараз у яе вялікі імпэт, але санкцыі супраць яе вельмі жорсткія, а вынік вайны няпэўны. Нават калі канчатковы вынік будзе двухсэнсоўны, гэта хваляй вернецца ў Расею і можа яе дэстабілізаваць. І меркаваньне, што «Акела прамахнуўся», можа падзяліць ня толькі Гіркін, але і Салаўёў.
- Калі Расея ня здолее дасягнуць сваіх максымалісцкіх мэтаў ва Ўкраіне, яе чакаюць вялікія забурэньні. Усе цяпер наяўныя формы залежнасьці Беларусі ад Расеі абарачальныя.
- І Вадзім Пракопʼеў, і Аляксандар Кныровіч казалі, што калі ў Расеі не адбудуцца перамены, Беларусь ня вызваліцца.
- Мы ўбачылі, што беларусы не заснулі. Усе экспэрты казалі, што патэнцыял пратэсту нікуды не падзеўся. Далучэньне да агрэсіі — гэта чарговае парушэньне правілаў, якія раней ніколі не парушаліся.
- Калі беларуская ўлада пашле салдатаў на вайну — будзе яшчэ адна хваля пратэсту. Калі масава пачнуць прыходзіць пахавальныя лісты на загінулых салдатаў — гэта будзе парушэньнем чарговага табу.
- Генэрал Франка кіраваў даволі самадастатковай краінай. Лукашэнка значна шчыльней зьвязаны з сваім донарам, з сваім «чорным рыцарам» — з Расеяй. На гады і дзесяцігодзьдзі пераседзець Пуціна Лукашэнку ня ўдасца. Але на пэўны час — мо і так.
- У заходніх элітаў зараз меркаваньні геапалітыкі пераважаюць над маральнымі меркаваньнямі. Калі можна паразмаўляць пра пастаўкі нафты зь непрызнаным Мадурам, чаму не паразмаўляць зь непрызнаным Лукашэнкам, калі ён выдаліць расейскія войскі?
- Зь ім размаўляў Макрон падчас вайны, зь ім размаўляла Мэркель падчас міграцыйнага крызісу. Я б не прагназаваў поўнага выхаду з ізаляцыі. Франка мог больш сабе дазволіць ва ўнутранай палітыцы.
- Захад чакае ад Лукашэнкі вызваленьня палітвязьняў. Бяз гэтага ніякага паразуменьня быць ня можа. Для Лукашэнкі зараз адчыняецца калі не вакно, дык фортка магчымасьцяў.
- Пакуль расейскія войскі будуць заставацца ў Беларусі, Лукашэнку будуць успрымаць як поўную марыянэтку Крамля. Калі ён здолее дамагчыся іх вываду, гэта будзе заяўка на аўтаномію. Асабліва калі ён вызваліць палітвязьняў.
- І ў 2008, і ў 2014 гадох Лукашэнка пазыцыянаваў сябе як меншае зло, чым Пуцін. Я да 24 лютага меркаваў, што цяпер немагчыма гуляць у гэтую гульню. Але Пуцін здолеў паказаць, што найгоршае зло — гэта ён. У гэтым кантэксьце Лукашэнку можна калі не наладзіць дыялёг з Захадам, то прынамсі зьбіць апошнюю хвалю санкцыяў.