«Імаверна, што мы страцілі ўжо сотні дзяцей». Зяленскі зьвярнуўся да парлямэнту Нарвэгіі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў Нарвэгію дапамагчы Ўкраіне зброяй, супрацькарабельнымі сродкамі і санкцыямі супраць Расеі, каб спыніць яе вайсковую агрэсію.

«Цана (вайсковай агрэсіі — РС) для нас страшэнная. Сёньня вядома аб гібелі ўжо 145 дзяцей. І гэта толькі афіцыйна пацьверджана. У акупаваных раёнах няма магчымасьці вызначыць дакладную колькасьць загінулых. Цалкам імаверна, што мы страцілі ўжо сотні дзяцей. Толькі дзяцей», — паведаміў Уладзімір Зяленскі ў часе свайго выступу перад парлямэнтам Нарвэгіі ў рэжыме відэасувязі.

Паводле яго, мэта Расеі — вывесьці агрэсію за межы Ўкраіны. «Мяркую, вы адчуваеце новыя рызыкі з боку сваёй мяжы з Расеяй. У арктычным рэгіёне ўжо назапашана такая колькасьць расейскіх войскаў, якая ня мае ніводнага нармальнага тлумачэньня. Для чаго і супраць каго?».

«Мусім зрабіць больш, каб спыніць вайну. Я хачу дакладна сказаць, што нам патрэбна. У прыватнасьці, супрацькарабельная зброя, ракеты „Гарпун“, а таксама супрацьпаветраныя сыстэмы. Апроч гэтага, нам патрэбныя сродкі для ліквідацыі бронетэхнікі, артылерыйскіх сыстэм. Уся зброя, якую мы атрымаем, будзе выкарыстана толькі для абароны нашай свабоды, вашай свабоды», — падкрэсьліў украінскі прэзыдэнт.

Уладзімір Зяленскі таксама заклікаў узмацніць санкцыі супраць Расеі, а абмежавальныя захады ўхвальваць кожны тыдзень. «Чым мацней яны будуць, тым хутчэй мы вернем мір», — перакананы прэзыдэнт Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абстрэлы Чарнігава і Луганшчыны, перакіданьне расейскіх войскаў з акупаваных частак Грузіі. 35-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выніку ўзброенай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне загінулі 136 дзяцей, амаль 200 параненыя