Мастак Алесь Пушкін, якога судзілі за зачыненымі дзьвярыма, на пасяджэньні 25 сакавіка на знак пратэсту парэзаў сабе жывот, піша Белсат. 30 красавіка яго асудзілі на 5 гадоў турмы.
Пушкін, праўдападобна, парэзаў жывот, каб выказаць пратэст супраць палітычна матываванага перасьледу. За гэта яго на 13 дзён кінулі ў карцэр.
Судзьдзя на працэсе Алена Шылько, пракурор Аляксандар Кароль.
Падчас працэсу затрымалі сястру палітвязьня Сьвятлану за спробу сфатаграфаваць брата. Яе адвезьлі ў Фрунзэнскі РАУС Менска, расказалі праваабаронцы.
Палітвязень зладзіў акцыю пратэсту яшчэ ў першы дзень суду над сабой, 10 сакавіка. Тады ён адмовіўся ўставаць з лаўкі, яго паднялі прымусова, а суд зрабілі закрытым.
У адводзе судзьдзі падсуднаму адмовілі. Затрыманы ў судзе над Пушкіным 73-гадовы мастак Алесь Цыркуноў правёў 15 дзён на Акрэсьціна і ў Магілёве за тое, што размаўляў па-беларуску. Жонку Алеся Пушкіна Яніну тады выдалілі з залі за некалькі словаў, сказаных зьняволенаму мужу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд над Алесем Пушкіным: мастак лёг на лаўку і адмовіўся ад адвакатаСправа Алеся Пушкіна
Вядомага беларускага мастака затрымалі 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну. Усё адбылося проста ў царкве, на рэстаўрацыі якой Алесь Пушкін працаваў. Да аб’екта прыехала група сілавікоў і запрасіла мастака ехаць зь імі. Калі Пушкін адмовіўся, яго проста вынесьлі з будынку на руках, а пасьля адправілі ў горадзенскую турму.
За чатыры дні да гэтага пракуратура Горадні завяла супраць Пушкіна крымінальную справу «за зьдзяйсьненьне наўмысных дзеяньняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму». У канцы сьнежня 2021 году да гэтага яшчэ дадаўся «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў». Справу накіравалі ў суд.
Артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх абвінавачваюць мастака, прадугледжваюць пазбаўленьне волі нават да 12 гадоў. Яшчэ нікому з сучасных беларускіх мастакоў не пагражала настолькі суворае пакараньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нічога не баіцца, акрамя Бога». Хто такі Алесь Пушкін, якога сёньня пачынаюць судзіць