Нямеччына папярэдзіла пра магчымыя перабоі ў пастаўках газу з Расеі

Аб’ект для прыёму газу ў Нямеччыне, ілюстрацыйнае фота

30 сакавіка ўлады Нямеччыны выступілі зь першым папярэджаньнем пра магчымасьць надзвычайнай сытуацыі з пастаўкамі газу і заявілі, што такое папярэджаньне мае на мэце падрыхтоўку да магчымага спыненьня паставак прыроднага газу з Расеі.

Як паведамляе 30 сакавіка Reuters, у адпаведнасьці з дзейным у Нямеччыне плянам рэагаваньня на надзвычайныя сытуацыі з газам, цяперашняе папярэджаньне — першае з трох.

Міністар эканомікі Робэрт Габэк заявіў, што пастаўкі ў гэты момант забясьпечаныя і што нямецкія ўлады ўважліва сочаць за патокамі з апэратарамі рынку.

«Тым ня менш мы павінны ўзмацніць меры засьцярогі, каб быць гатовымі да эскаляцыі з боку Расеі. Пасьля абвяшчэньня ўзроўню раньняга папярэджаньня была скліканая крызісная група», — сказана ў паведамленьні міністра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяскоў аб пастаўках газу ў Эўропу: «Няма аплаты — няма газу»

Габэк дадаў, што каманда, у якую ўваходзяць службоўцы яго міністэрства, прадстаўнікі нямецкага сеткавага рэгулятара і сеткавых апэратараў, будзе ўважліва сачыць за сытуацыяй, «каб у разе неабходнасьці ўжыць далейшыя захады дзеля павышэньня бясьпекі паставак».

23 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін даручыў перавесьці ў рублі разьлікі за газ «недружалюбным краінам». Паводле яго, «недружалюбныя краіны»-пакупнікі газу за тыдзень павінны вызначыць «парадак апзрацый набываньня рублёў на ўнутраным рынку Расеі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз усьлед за краінамі G7 адмовіўся плаціць Расеі за газ у рублях

Цэнтрабанк Расеі, урад і «Газпром», на долю якога прыпадае 40 працэнтаў імпарту газу ў Эўропу, павінны да 31 сакавіка прадставіць прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну свае прапановы што да аплаты газу ў рублях.

28 сакавіка краіны Вялікай сямёркі адхілілі патрабаваньне Пуціна аб аплаце газу ў рублях.