«Наша ніва»: Кіраўніка банку БелВЭБ Мацюшэўскага выпусьцілі з-пад варты

Васіль Мацюшэўскі

«Наша ніва», якая першай паведаміла пра затрыманьне кіраўніцтва банку БелВЭБ 29 сакавіка, спасылаючыся на свае крыніцы, піша, што Васіль Мацюшэўскі ўжо нібыта на волі.

«Ноччу з ДФР выйшаў кіраўнік банку БелВЭБ Васіль Мацюшэўскі. Яго намесьнікаў пакінулі ў ізалятары. Выказваецца думка, што сэнс выпуску банкіра ў тым, каб ён змог апэратыўна знайсьці сродкі для „кампэнсацыі шкоды“», — піша выданьне.

Інфармацыю з спасылкай на свае крыніцы пацьвярджае сайт Zerkalo.io, які дапускае, што пасьля допыту выйшлі і іншыя кіраўнікі банку БелВЭБ.

Сілавыя органы Беларусі затрымалі 29 сакавіка восем дзейных і колішніх кіраўнікоў банку БелВЭБ, у тым ліку старшыню праўленьня банку, экс-віцэ-прэм’ера Васіля Мацюшэўскага. Сярод затрыманых таксама першы намесьнік праўленьня Тарас Надольны, намесьнікі старшыні Анатоль Барысевіч, Віктар Перапяліца і Дзьмітры Ляўданскі. Усе яны фігуруюць у сьпісе дзейнага кіраўніцтва на сайце банку.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», старшыню праўленьня БелВЭБ Васіля Мацюшэўскага затрымалі паводле артыкула 424 КК — злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі. Затрымлівалі банкіраў супрацоўнікі ДФР.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: У Менску затрымалі колішняга віцэ-прэм’ера Мацюшэўскага і яшчэ сем супрацоўнікаў банку БелВЭБ

Таксама ўзялі сябра праўленьня Анатоля Паўловіча і дырэктара разьвіцьця банку Аляксея Мажухіна. Афіцыйнай інфармацыі аб прычынах затрыманьня гэтых людзей няма.

Да 2010 году Васіль Мацюшэўскі працаваў у Нацыянальным банку, потым кіраваў «БПС-Ашчадбанкам». З 2014 па 2018 год займаў пасаду першага намесьніка прэмʼер-міністра Беларусі. Потым стаў старшынём праўленьня банку БелВЭБ.