Лідэр украінскага гурту «Океан Ельзи» Вакарчук заклікаў беларусаў больш  выкарыстоўваць родную мову

Сьвятаслаў Вакарчук

28 сакавіка ў расейскую Дзяржаўную думу ўнесьлі законапраект аб прызнаньні «суайчыннікамі» тых, хто валодае расейскай мовай.

Музыка і грамадзкі дзяяч Сьвятаслаў Вакарчук у эфіры тэлеканалу «Белсат» з нагоды ўнесенага днямі ў Дзяржаўную думу Расеі законапраекту аб наданьні статусу «суайчыньніка» расейскамоўнаму насельніцтву, якія «спрадвеку жылі на тэрыторыі Расеі», заклікаў беларусаў пераходзць на родную мову:

«Кожны, хто мае родную мову, якая адрозьніваецца ад іншых, мае шчасьце і падарунак ад Бога. Мы вельмі падтрымліваем нашых беларускіх братоў у гэтым, каб яны выкарыстоўвалі сваю цудоўную беларускую мову. Яна вельмі прыгожая, і на ёй так шмат прыгожага напісана. Ад Янкі Купалы да сучасных прыгожых сьпеваў беларускіх рок-музыкаў. Мы вас у гэтым падтрымліваем!». — сказаў Вакарчук.

Пра які праект гаворка

28 сакавіка намесьнік старшыні камітэта Дзярждумы ад «Адзінай Расіі» ўнёс законапраект аб прызнаньні «суайчыннікамі» тых, хто валодае расейскай мовай.

У прыватнасці, «суайчыннікамі» прапануецца прызнаваць асоб і іх нашчадкаў, якія пражываюць за межамі Расеі, якія валодаюць расейскай мовай і адносяцца да народаў, якія гістарычна пражываюць на тэрыторыі Расеі, а таксама тых, хто зрабіў «свабодны выбар на карысьць духоўнай, культурнай і прававой сувязі» з Расеяй і чые сваякі па прамой ўзыходзячай лініі раней нарадзіліся або пражывалі ў РФ.

Цяпер «суайчыннікамі» ў законе прапанавана прызнаць і грамадзян Расеі і былых выхадцаў з саюзных рэспублік, і іх дзяцей, але гэтыя людзі павінны гаварыць па-расейску.

Таксама ў закон прапануецца дадаць паняцьце «дзяржаваўтваральны народ» (расейцы) і «прадстаўнікі беларускага і ўкраінскага народаў, зьвязаных з дзяржаваўтваральным народам». Фармулёўка пра «дзяржаваўтваральны народ» ужо выклікала крытыку прадстаўнікоў нацыянальных рэспублік падчас абмеркаваньняў паправак да Канстытуцыі — і ў выніку не была прынятая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Інфармацыйная зброя важнейшая за ядзерную». Як беларус прыдумаў расейскую інфармацыйна-псыхалягічную вайну