«Адстойваем права на будучыню і гісторыю». У Кіеве ўмацоўваюць помнікі на выпадак бамбаваньня. ФОТА

Адзін з умацаваных помнікаў у Кіеве, сакавік 2022

Кіеўская гарадзкая дзяржаўная адміністрацыя разам з валянтэрамі ўжо некалькі дзён умацоўваюць гістарычныя помнікі на выпадак бамбаваньня расейскімі войскамі.

Як паведамілі гарадзкія ўлады, ужо завершана ўзьвядзеньне абарончых спарудаў каля помніку гетману Пятру Сагайдачнаму (усталяваны ў 2001 годзе коштам дабрачынных ахвяраваньняў прадпрыемстваў і жыхароў Кіева і паселішча Кульчыцы Львоўскай вобласьці), князю Ўладзіміру (найстарэйшы скульптурны помнік у Кіеве, усталяваны ў 1853 годзе), каля званіцы Міхайлаўскага сабору (адноўленая ў 1998 годзе, цяпер там знаходзіцца экспазыцыя музэю Міхайлаўскага сабору), а таксама дому Яна Быкоўскага — кіеўскага старасты (пабудаваны ў канцы XVII — пачатку XVIII стагодзьдзяў, цяпер там Музэй гісторыі дабрачыннасьці ў Кіеве).

Умацаваны помнік гетману Сагайдачнаму

Таксама мэрыя паказала відэа, як жыве горад і яго помнікі падчас расейскай пагрозы.

Працягваецца ўмацаваньне помнікаў гетману Багдану Хмяльніцкаму (пабудаваны і пастаўлены ў 1888 годзе), украінскаму кампазытару і фальклярысту Міколу Лысенку (усталяваны ў 1965 годзе), княгіні Вользе, сьвятому апосталу Андрэю і асьветнікам Кірылу і Мяфоду (пастаўлены ў 1911 годзе, зьнішчаны ў 1919 і адноўлены ў 1996-м).

Адзін з умацаваных помнікаў Кіева

Некаторыя помнікі яшчэ не ўмацавалі да канца

Пакуль што застаецца без абароны помнік філёзафу Рыгору Скавараду — на ім дагэтуль лунае бел-чырвона-белы сьцяг, які да яго прымацавалі ў 2020 годзе студэнты Кіева-Магілянскай акадэміі. Для стварэньня абарончай спаруды тут патрэбная кансультацыя скульптараў. Помнік вышынёй 5 мэтраў, пастаўлены ў 1976 годзе, мае невялікі пастамэнт — усяго 40 сантымэтраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўны помнік – сымбаль Адэсы падчас расейскай вайны. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генштаб Украіны: Расейскія войскі працягваюць нарошчваць прысутнасьць вакол Кіева