«Зараз у іхных галовах каша». Як чыноўнікі і дэпутаты Беларусі гавораць пра вайну

Цырымонія падпісаньня рашэньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму. 4 сакавіка 2022 году. Ілюстрацыйнае фота.

У эфіры Свабоды Premium лідэрка супольнасьці «Честные люди» Алена Жываглод аналізуе рэакцыю чыноўнікаў і дэпутатаў Беларусі на вайну Расеі супраць Украіны.

Паводле яе, калі ва Ўкраіне звычайныя чыноўнікі становяцца героямі, то ў Беларусі нядрэнныя калісьці спэцыялісты робяцца «монстрамі, якія руйнуюць краіну».

Глядзіце размову цалкам на відэа

Сьцісла

  • Каб зразумець, што адбываецца ў галовах беларускіх чыноўнікаў, трэба пабежна прачытаць стужку БелТА. Калі прасьцей, зараз у іх у галовах — каша.
  • Пасьля таго, як прапагандысты соты раз паўтарылі пра спаленьне Хатыні «беларускімі нацыстамі пад бел-чырвона-белым сьцягам», ім раптоўна загадалі казаць, што Хатынь спалілі «бандэраўцы». Яны проста не пасьпяваюць расчалавечваць і сваіх грамадзян, і ўкраінцаў.
  • На жаль, у выпадку вайны мы мусілі б спадзявацца на сябе, на свае відавочныя здольнасьці да самаарганізацыі і салідарнасьці ў момант агульнай бяды, але не на псэўдалідэраў, якія ня лічаць нас сваімі працадаўцамі.
  • Шмат хто кажа, што Каранік калісьці быў прыстойным лекарам, а Качанава — нядрэнным дыспэтчарам водаканалу. Цяпер гэта монстры, якія руйнуюць краіну. Ва Ўкраіне — наадварот, звычайныя чыноўнікі ператвараюцца ў герояў, адчуваючы падтрымку і давер людзей, якія іх прызначылі.

«Без васьмігадовай падрыхтоўкі гэтае трызьненьне ўспрымаюць у Беларусі далёка ня ўсе»

— Нядаўна супольнасьць «Честные люди» абнародавала размову пра вайну з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Тэнгізам Думбадзе, вы вывучалі афіцыйныя адказы на звароты дэпутатаў у сувязі з вайной. Раскажыце пра вашы ўражаньні: якая асноўная рэакцыя чыноўнікаў на вайну, ці ёсьць яна ўвогуле?

— Думбадзэ ў нашай тэлефоннай размове і некалькі разоў паўтарыў, што ён супраць вайны і мае мноства сваякоў ва Ўкраіне, і не даў ніякай канкрэтыкі ні пра сваю асабістую пазыцыю, ні пра канкрэтныя дзеяньні для вываду войскаў агрэсара зь беларускай тэрыторыі.

Варта нагадаць, што Думбадзэ — прыхільнік «паглыбленай інтэграцыі» з РФ: у сакавіку 2021 году ён выступаў на ўстаноўчым сходзе прарасейскай партыі «Союз», якая не была пасьля зарэгістраваная.

Яшчэ мы стэлефаноўваліся з чыноўнікамі з Горадні: старшынём гарадзкога Савету дэпутатаў Барысам Фёдаравым і старшынём гарадзкога выканаўчага камітэту Мечыславам Гоем. Размовы выйшлі камічнымі: Фёдараў расказваў, які ён даступны для грамадзянаў, але пры гэтым адмовіўся гаварыць пра вайну па тэлефоне. Гой, як ён тлумачыў, быў настолькі заняты, што ня меў часу на найважнейшыя пытаньні аб уцягваньні Беларусі ў вайну. Былі іншыя званкі — мы апублікуем неўзабаве.

Яшчэ мы атрымліваем пісьмовыя адказы дэпутатаў на звароты грамадзянаў. Ведаеце, студэнты любяць казаць, што іх курсавыя — гэта вада. Дык вось адказы дэпутатаў — вось дзе сапраўдная вада. Яны з адказу ў адказ капіююць, чым рэгулююцца іх паўнамоцтвы, і проста нічога не адказваюць па сутнасьці.

— Паспрабуйма прааналізаваць некаторыя публічныя адказы чыноўнікаў Беларусі.

— Каб зразумець, што адбываецца ў галовах беларускіх чыноўнікаў, трэба пабежна прачытаць стужку БелТА. Калі прасьцей, зараз у іхных галовах каша.

У мэдыя РФ яшчэ з часоў Аранжавай рэвалюцыі быў запушчаны працэс «расчалавечваньня» Украіны і ўкраінцаў, які ўзмацніўся з 2014 году. У Беларусі ён практычна не адбываўся, дзяржаўныя мэдыя прыгадвалі Ўкраіну толькі ў сувязі з выбарамі, спортам і «Эўравізіяй».

Цяпер дзяржаўная прапаганда пачынае ліхаманкава падхопліваць расейскі наратыў, спрабуючы выстраіць карцінку, дзе Ўкраіна занятая толькі абстрэламі і запускам ракет на ўласныя гарады ды перакрывае сама сабе гуманітарныя калідоры. Паводле прапаганды, войскі агрэсара высокадакладнымі ўдарамі па ўкраінскіх вайсковых аб’ектах спрабуюць «выратаваць народ Украіны». Вядома ж, сьцьвярджаецца, што ў расейцаў няма стратаў, бо ўкраінцы марнуюць боепрыпасы выключна для абстрэлаў саміх сябе. Вядома, без васьмігадовай падрыхтоўкі гэтае трызьненьне ўспрымаюць у Беларусі далёка ня ўсе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для беларускага грамадзтва гэтая вайна чужая і нават вар’яцкая: вынікі сакавіцкага апытаньня Chatham House

Акрамя таго, наша прапаганда паўтара года расчалавечвала ўласных грамадзянаў, якія не прызнаюць Лукашэнку. І тут пасьля таго, як прапагандысты соты раз паўтарылі пра спаленьне Хатыні «беларускімі нацыстамі пад бел-чырвона-белым сьцягам», ім раптоўна загадалі казаць, што Хатынь спалілі «бандэраўцы». Яны проста не пасьпяваюць расчалавечваць і сваіх грамадзян, і ўкраінцаў.

Але рэч ня толькі ў гэтым. Для таго, каб расейскі наратыў ідэальна ўспрымаўся, трэба ўсё ж такі быць расейцам. Тыя, хто чуў прамову Пуціна перад Саветам бясьпекі РФ, дзе ён у саамй рэчы адмаўляе права на сувэрэнітэт усім краінам, якія ўваходзілі ў склад Расейскай імпэрыі, лёгка могуць замяніць слова «Ўкраіна» на «Беларусь» і зразумець, што для нашага «самага вернага партнэра» наша дзяржава — проста наступства «гістарычнай памылкі Леніна». Такое цяжка ўспрыме шмат хто зь «ядра» Лукашэнкі.

З спробы Лукашэнкі патлумачыць, чаму з нашай тэрыторыі ляцяць ракеты, зрабілі міжнародны мэм. Гэта складана прамінуць, нават калі ты адпісаўся ад усіх каналаў.

Традыцыйна нашыя чыноўнікі ў публічным полі проста паўтараюць сваімі словамі прамовы Лукашэнкі. Але зараз яны нават гэтага ня могуць рабіць — з прычыны страху нешта не зразумець ці сказаць лішняе: Лукашэнка ў адной прамове можа некалькі разоў зьняпраўдзіць сам сябе. Таму яны займаюць пазыцыю страўса: ня надта ўпэўнена абмяркоўваюць вынікі рэфэрэндуму, пасяўную, абыход санкцыяў праз Расею. Яны пакуль разгубленыя.

Прасочваюцца спробы саскокваць з тэмы Ўкраіны і зноў валіць усё на вонкавага ворага: гэта канфлікт Расеі і ЗША, і апошнія зрабілі Ўкраіну сваім гарматным мясам. Пакуль выглядае так, што менавіта гэтай вэрсіі будуць трымацца чыноўнікі бліжэйшым часам. Хоць некаторыя на поўным сурʼёзе разважаюць, што Ўкраіна спрабавала на нас напасьці, але ім усё ж пакуль складана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бачу супраціў беларусаў, якія ня хочуць ваяваць на чужой зямлі», — Віталь Кім, старшыня Мікалаеўскай абласной адміністрацыі

«У гэты момант адказныя мясцовыя кіраўнікі могуць праявіцца толькі ў шэрагу раённых выканкамаў ці нават сельсаветаў»

— Цяпер беларусы ўважліва сочаць за падзеямі ва Ўкраіне, і ў незалежных беларускіх і замежных СМІ, у тым ліку ўкраінскіх, бачаць чыноўнікаў, дэпутатаў, мясцовых кіраўнікоў Украіны. І бачаць, наколькі мэры ўкраінскіх гарадоў, украінскія народныя выбраньнікі адрозьніваюцца ва ўсім, нават вонкава, ад беларускіх прызначэнцаў — вэртыкальнікаў і прызначаных дэпутатаў. Калі б падобная трагедыя адбылася ў Беларусі, ці былі б у краіне свае Арастовічы, Кімы, Клічко ды іншыя?

— У гэты момант адказныя мясцовыя кіраўнікі могуць праявіцца толькі ў шэрагу раённых выканкамаў ці нават сельсаветаў. Як правіла, гэта тыя, хто ўсё жыцьцё жыве там, ведае людзей і мясцовыя праблемы. Але гэта хутчэй выключэньне.

Падчас кампаніі «Вы нас нават не прадстаўляеце» мы падлічылі, што мясцовых саветах дэпутатаў бракуе больш за 70 дэпутатаў. Большая частка іх пазбавіліся пасадаў у сувязі зь пераводам на пасаду кіраўнікоў раённага ці гарадзкога савету ў іншым горадзе і часам нават у іншай вобласьці. Калі мясцовыя кіраўнікі адміністрацыяў не жыхары гэтых месцаў, калі іх не выбіраюць, а прызначаюць, калі яны займаюць гэтую пасаду цягам пары гадоў, каб потым атрымаць перавод на пасаду вышэй, ніякай рэальнай адказнасьці перад гэтымі гарадамі ў іх няма і быць ня можа.

Калі нашы актывісты пісалі звароты наконт падзеяў 2020 году і ўдзелу дэпутатаў у прыняцьці рэпрэсіўных законаў, тыя адказвалі нам фразай, што «спрабуюць знайсьці балянс паміж інтарэсамі грамадзтва і дзяржавы». У гэтай фразе закапаная ўся праблема нашых службоўцаў: яны не разумеюць, што ў дзяржавы ня можа быць іншых інтарэсаў, акрамя інтарэсаў грамадзтва. На жаль, у выпадку вайны мы б мусілі спадзявацца на сябе, на свае відавочныя здольнасьці да самаарганізацыі і салідарнасьці ў момант агульнай бяды, але не на псэўдалідэраў, якія ня лічаць нас сваімі працадаўцамі.

Хочацца спадзявацца, што нашыя грамадзяне, якія сочаць за падзеямі ва Ўкраіне, больш наглядна ўбачаць і ўсьвядомяць, як працуюць прадстаўнікі ўлады, якія нясуць адказнасьць перад выбарнікамі. І наколькі выгадна адрозьніваецца гэтая сыстэма: усе разумеюць, што прэзыдэнт тут ня цэнтар сыстэмы, і ў прыняцьцё рашэньняў залучана мноства людзей.

Наша сыстэма ператварае любога чалавека ў аўтакрата, бо ён надзейна абаронены ад кантролю грамадзянамі. Шмат хто кажа, што Каранік калісьці быў прыстойным лекарам, а Качанава — нядрэнным дыспэтчарам водаканалу. Цяпер гэта монстры, якія руйнуюць краіну. Ва Ўкраіне — наадварот, мы бачым, як звычайныя чыноўнікі ператвараюцца ў герояў, адчуваючы падтрымку і давер людзей, якія мх прызначылі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паміж расейцамі і беларусамі вялізная розьніца». Украінскі маркетоляг расказаў, якую рэакцыю ў Беларусі выклікала антываенная рэкляма

«Чыноўнікі, відавочна, спадзяюцца, што на Беларусь накладуць менш санкцыяў, чым на РФ»

— Беларускія дзяржаўныя СМІ цяпер практычна цалкам паўтараюць наратывы расейскай прапаганды пра вайну ва Ўкраіне. Ці былі заўважаныя хаця б спробы заявіць пра сваю пазыцыю ў хаця якога чыноўніка, дэпутата, прадстаўніка дзяржаўнай структуры? Ці было якое звальненьне?

— Пакуль такія выпадкі адзінкавыя. Напрыклад, кіраўнік адміністрацыі Наваградку пачаў езьдзіць па «актывах» і чытаць лекцыі пра «бандэраўцаў». Некаторыя дэпутаты рапартуюць, што санкцыі ўдараць у першую чаргу па Эўропе і ЗША. Прарасейскі наратыў спрабуюць разьвіваць праўладныя экспэрты, але іхныя ідэі далей за публікацыі ў «СБ» не заходзяць.

Прасочваецца нежаданьне прызнаваць само існаваньне праблемы прысутнасьці расейскіх войскаў на нашай тэрыторыі і ўдзелу нашых вайскоўцаў у дапамозе расейскім. Гэта прапануецца прыняць як дадзенасьць ці ўвогуле адмаўляецца.

Чыноўнікі відавочна маюць надзею, што на Беларусь накладуць менш санкцыяў, чым на РФ. Нібыта калі не казаць, што наша дзяржава — саўдзельнік ваеннага злачынства, то ніхто гэтага не заўважыць. Таму там шмат надаюць увагі факту, што нашыя войскі не ўвайшлі ва Ўкраіну, але замоўчваюць, што бязь іх удзелу расейцы наўрад ці маглі б рабіць тое, што яны робяць, карыстаючыся нашай інфраструктурай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Савету Рэспублікі вывелі былога кіраўніка РНПЦ анкалёгіі, які крытыкаваў улады за каранавірус

«Яны лічылі, што абараняюць сябе і свой дабрабыт, а зараз зразумела, што яны зьнішчалі ўласную дзяржаву»

— Многія рэчы адбываюцца непублічна. Магчыма, з вайной можна зьвязаць спыненьне паўнамоцтваў чальца Савету рэспублікі Алега Суконкі, былога кіраўніка РНПЦ анкалёгіі?

— Безумоўна, нешта такое адбываецца непублічна. Нашы чыноўнікі заўсёды віталі палітыку адносінаў з РФ «грошы ўзамен на пацалункі», але не зусім гатовыя прыняць факт, што за крэдыты і танны газ Расеі перадаецца ўся краіна з усімі яе рэсурсамі і ў лічаныя дні ператвараецца ў пляцдарм ваеннай агрэсіі.

Варта ўзгадаць, што Алег Суконка быў ці не адзіным прадстаўніком Нацыянальнага сходу, хто публічна крытыкаваў палітыку рэжыму стасоўна пандэміі і ўтойваньня рэальнай статыстыкі хворнасьці і сьмяротнасьці. і адкрыта і крытычна выказваўся пра Караніка. Яго выключэньне з Савету рэспублікі было пытаньнем часу. Пагатоў ён быў ня першы. Раней з таго ж Савету рэспублікі выкінулі Віктара Сьняжыцкага, былога рэктара Горадзенскага мэдычнага ўнівэрсытэту, які публічна асудзіў гвалт у 2020 годзе. https://reform. news/170103-jeks-rektor-grodnenskogo-meduniversiteta-snezhickij-ushel-iz-senatorov.

Ці ўсе гэтыя пэртурбацыі важныя? Не. У нас няма прадстаўнічых органаў улады. Ёсьць шырмы пад назвамі «Нацыянальны сход» і «мясцовыя саветы», якія прыкрываюць і легітымізуюць дыктатуру «ад імя народа». Рэфэрэндум «падорыць» нам яшчэ і ВНС як новы від «народазаменьніка».

Папраўдзе ўсе яны прызначаюцца рэжымам праз імітацыю выбараў або фармальнае галасаваньне мясцовых дэпутатаў, прызначаных праз тую ж імітацыю выбараў. І ўсе гэтыя месяцы яны моўчкі падпісваюць усе розныя ступеньню цынізму і варʼяцтва рэпрэсіўныя законапраекты, якія выходзяць зь ніжняй палаты.

Вынік іх дзеяньняў — паслабленьне грамадзтва. Менавіта той яго часткі, якая і магла зараз стаць апорай нашага сувэрэнітэту. Яны лічылі, што абараняюць сябе і свой дабрабыт. А зараз зразумела, што яны зьнішчалі ўласную дзяржаву.

Калі б увесь склад Нацыянальнага сходу звольніўся на знак пратэсту, гэта наўрад ці зваліла б рэжым, але нанесла б сурʼёзныя страты яго фармальнаму «прыкрыцьцю». Але яны гэтага ня робяць, а разавыя выключэньні з правілаў (Суконка, Сьняжыцкі і Варанецкі) толькі пацьвярджаюць правіла. Яны могуць колькі заўгодна казаць, што яны супраць вайны, але безь якіх-небудзь дзеяньняў гэтыя словы яны могуць засунуць сабе ў адно месца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аналітык Вадзім Мажэйка: «Чорны лебедзь» Лукашэнкі ўжо прыляцеў

«Сьлепа давяраць „лідэру“, на якога няма ніякай рады, аказваецца, можна да пэўнага часу»

— Падсумоўваючы. Няздольнасьць каго і да чаго засьведчыла ў Беларусі вайна ва Ўкраіне?

— Праўдападобна, цяпер многія рэчы робяцца больш зразумелымі і відавочнымі. Хоць рабіць якія-небудзь доўгатэрміновыя высновы пакуль складана.

Усе рашэньні ў дзяржаве прымае адзін чалавек, абапіраючыся на меркаваньні вузкай праслойкі свайго «працоўнага калектыву». Каб захаваць і ўзмацніць сваю ўладу, яны прынялі рашэньне скласьці ўсе яйкі ў адзін кошык. І цяпер гэты кошык выявіўся парахавой бочкай, кнот ад якой ужо гарыць.

Чыноўнікі, якія паўтара года адмаўлялі нам у праве штосьці вырашаць і ўвогуле жыць у сваёй краіне, раптоўна апынуліся прыкладна ў тым жа становішчы. Сьлепа давяраць «лідэру», на якога няма ніякай рады, аказваецца, можна да пэўнага часу.

Раптам ты разумееш, што можаш стаць васалам краіны, якая вось-вось стане васалам Кітаю, што кіраўніцтва войска не зусім разумее, якой дзяржаве яно служыць, што эпоха далікатнай «стабільнасьці» завершана і нават «абы не было вайны» таксама не працуе.

Можна прыдумаць колькі заўгодна хімэраў, каб апраўдаць гвалт супраць сваіх грамадзян, але калі гэтыя хімэры матэрыялізуюцца і пачынаюць вызначаць і тваё жыцьцё, давядзецца прымаць нейкія рашэньні і чыйсьці бок.