Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім назваў «трызьненьнем» абвінавачаньні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі на адрас украінскага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў спробе сфармаваць «разгалінаваную сетку інфарматараў» і «асабістым» зьбіраньні дыпляматамі «выведных зьвестак» аб беларускіх вайсковых аб’ектах.
Паводле амбасадара, КДБ за дзень да ягонага выкліку ў МЗС Беларусі заявіў аб «скоўваньні выведнай дзейнасьці праціўніка і ліквідацыі рэзыдэнтуры, якая дзейнічала пад дыпляматычным прыкрыцьцём».
«Цяжка камэнтаваць трызьненьне, але агучаная «ліквідацыя» нават у мяне, чалавека, які звык да правакацыяў, выклікала зьдзіўленьне. Многія, хто мне тэлефанаваў, пыталі: вы там яшчэ жывыя? Найбольш цікава, што пра «ліквідацыю» было заяўлена яшчэ за дзень да таго, як мяне выклікалі ў МЗС, каб прапанаваць большай частцы супрацоўнікаў пасольства пакінуць Беларусь цягам 72 гадзін. Гэта значыць, калі выказаць здагадку, што «ліквідацыя» азначала высылку 80% супрацоўнікаў пасольства, то яны яшчэ пасьпяхова «выведвалі» чацьвёра содняў, — дадаў амбасадар.
Паводле яго, у гэты шэраг запісалі афіцыйных прадстаўнікоў Міністэрства абароны, СБУ, памежнай службы і нават супрацоўнікаў аховы амбасады.
«Уся справа зроблена настолькі хутка і нязграбна, што і камэнтаваць асабліва няма чаго. Нават паездка консула ў Гомель, дзе ён наведваў нашых грамадзян, якія ўцяклі з Украіны ад расейскіх бамбаваньняў у Беларусь, была прадстаўлена як „выведная апэрацыя“, а паездка „задакумэнтаваная“». Увогуле, усё гэта даволі прымітыўна для арганізацыі з такою страшнаю з часоў СССР назваю. Напэўна, трэба перагледзець яшчэ раз «Сямнаццаць імгненьняў вясны», — дадаў украінскі амбасадар.
Асобную ўвагу Ігар Кізім зьвярнуў на камэнтар беларускіх прапагандыстаў, якія заявілі, што «раскрытая агентурная сетка ва ўкраінскай амбасадзе пацьвярджае агрэсіўныя намеры Польшчы і, у цэлым, NATO па разьвязаньні трэцяй усясьветнай вайны».
«Выяўляецца, гэта Польшча ва ўсім вінаватая. Дык, можа, такім чынам Беларусь адпомсьціла за 40 расейскіх дыпляматаў, якіх выслалі з Варшавы? Тады хаця б станавіцца зразумелай і прычына, і на чыю ўказку беларускія ўлады папрасілі супрацоўнікаў украінскай дыпляматычнай місіі пакінуць краіну. Відавочна, што ні да чаго добрага гэта не прывядзе. Асабліва калі ўлічыць, што сёньня, калі ўсе беларускія дыпляматы зьехалі з Украіны, мы дапамагаем вяртацца на радзіму беларусам, якія апынуліся ў складаным становішчы ва Ўкраіне. Відавочна, што зараз гэта будзе рабіць цяжэй нават тэхнічна. Бо „зьліквідавалі“ тых, хто займаўся консульскімі, гуманітарнымі, памежнымі пытаньнямі і меў непасрэднае дачыненьне да такой дапамогі», — падкрэсьліў пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.
22 сакавіка агенцтва БелТА паведаміла, што Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі абвінаваціў украінскіх дыпляматаў у Менску ў працы на выведку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ заявіў, што «ліквідаваў рэзыдэнтуру» Ўкраіны, і абвінаваціў журналіста Івашына ў шпіянажы23 сакавіка беларускі бок абвясьціў аб скарачэньні складу пасольства Ўкраіны ў Менску і закрыцьці консульства Ўкраіны ў Берасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь высылае большасьць украінскіх дыпляматаў і закрывае кансулят у Берасьці24 сакавіка Міністэрства замежных справаў Украіны накіравала МЗС Беларусі афіцыйную ноту аб рашэньні ўкраінскага боку скараціць колькасьць пэрсаналу амбасады Беларусі ва Ўкраіне да пяці чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Украіны: КДБ Беларусі назвала шпіёнамі тых, хто працаваў адкрыта і сотні разоў сустракаўся з афіцыйнымі асобамі