Адказваючы на пытаньне, ці адключыць Расея газ для Эўропы праз адмовы краін плаціць за паліва ў рублях, як патрабуе расейскі прэзыдэнт, Пяскоў адказаў: «Няма аплаты — няма газу».
«Я ня ведаю, што адбудзецца, калі яны выключаць гэтую магчымасьць. Дык вось, як толькі ў нас будзе канчатковае рашэньне, паглядзім, што можна зрабіць. Але, безумоўна, мы не зьбіраемся рабіць на гэтым дабрачыннасьць і бясплатна адпраўляць газ у Заходнюю Эўропу», — сказаў Пяскоў у інтэрвію амэрыканскаму тэлеканалу PBS.
23 сакавіка Ўладзімір Пуцін даручыў перавесьці ў рублі плату за газ для «недружалюбных краін». Паводле яго, «недружалюбныя краіны» — пакупнікі газу праз тыдзень павінны вызначыць «парадак апэрацыяў набыцьця рублёў на ўнутраным рынку РФ».
Расейскі Цэнтрабанк, урад і «Газпром», на які прыпадае 40% эўрапейскага імпарту газу, павінны даць Пуціну свае прапановы наконт разьлікаў за газ у рублях да 31 сакавіка.
Краіны «Групы сямі» 28 сакавіка адхілілі патрабаваньне прэзыдэнта Расеі плаціць за газ рублямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: FT: Расея больш не патрабуе падчас перамоваў «дэнацыфікацыі» Ўкраіны