Хроніка перасьледу 29 сакавіка: затрымалі сябра Свабоднага прафсаюза; зьявіліся зьвесткі пра затрыманьне каля 30 лекараў

АМАП на вуліцах Менска, 2020 год

Улады Беларусі надалей перасьледуюць грамадзян за выказваньне думак на палітычныя тэмы і аб вайне з Украінай.

28 сакавіка ў Менску супрацоўнікі КДБ затрымалі 23-гадовага сябра Свабоднага прафсаюза мэталістаў Уладзіслава Веташкіна. Прычыны і абставіны затрыманьня пакуль невядомыя, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Гамельчука тры разы запар пакаралі «суткамі», а яго дзяўчыну аштрафавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У Гомлі 3 сакавіка затрымалі 38-гадовога прадпрымальніка Яўгена Галіча. Адразу яго арыштавалі на 5 дзён, але потым па новым пратаколе дадалі яшчэ 15. Праз 20 дзён Яўген на волю так і ня выйшаў, бо над ім зноў адбыўся суд. Гэтым разам яму прысудзілі 13 дзён арышту. Як паведамляе «Флагшток», гамельчука амаль кожны дзень дапытваюць у КДБ.

Акрамя гэтага, ягоную грамадзянскую жонку Дар’ю Шматок выклікалі ў Савецкі РАУС, каб яна забрала рэчы Яўгена, але замест гэтага ў яе канфіскавалі тэлефон і склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). За рэпост малюнка зь бел-чырвона-белым сьцягам у Instagram яе аштрафавалі на 700 рублёў, паведамляе «Вясна».

Жыхарку Бярозы, якая адбывала «хатнюю хімію», ізноў асудзілі, але ўжо разам з працадаўцам, які хацеў ёй дапамагчы

Суд Бярозаўскага раёну разгледзеў справу Валянціны Мядзьведзь і Андрэя Чыжа, якіх абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 427 КК «Службовая падробка». Жанчына адбывала «хатнюю хімію» за тое, што ў лістападзе 2020 году напісала, што мясцовы супрацоўнік міліцыі «Лішко — сапраўды гнілы і сьлізкі тып» і параўнала яго з паліцаем, паведамляе «Вясна».

Агулам суд пастанавіў выплаціць пацярпеламу 1 500 рублёў — з кожнага заробку жанчыны ўтрымлівалі каля 50 рублёў. Празь нейкі час Лішко, якому, як яму здалося, штомесяц прыходзіла замалая сума, пачаў высьвятляць, дзе і як працуе Валянціна — і даведаўся, што ў афіцыйны час жанчына працуе не ва ўказаным месцы, а цырульніцай.

У выніку Мядзьведзь абвінавацілі ў тым, што, «дзейнічаючы з карысьлівых памкненьняў, якія выяўляліся ў імкненьні ажыцьцяўляць больш аплачваную працоўную дзейнасьць», яна нібыта схіліла Чыжа аформіць фальшывыя дакумэнты.

Жанчына больш як 15 гадоў працавала цырульніцай і лічылася самазанятай, але такі тып працаўладкаваньня ня можа лічыцца афіцыйным падчас адбываньня «хатняй хіміі». Таму яна папрасілася на працу да Андрэя Чыжа, і той вырашыў ёй дапамагчы ў няпростай сытуацыі: жанчына ў разводзе з мужам, выхоўвае 14-гадовую дачку, даглядае састарэлых бацькоў, таксама падтрымлівае сястру і дзьвюх пляменьніц (сястра вымушана паехала на заробкі ў Польшчу). Валянціна прыходзіла на фірму Андрэя Чыжа з самага ранку і рабіла сваю працу, а потым, як пазначана ў дакумэнтах, прадстаўленых ва КВІ АУС Бярозаўскага райвыканкаму, падпрацоўвала цырульніцай.

У судзе Валянціна Мядзьведзь распавяла пра ціск на яе з боку міліцыі.

Па выніках суду Андрэя Чыжа пакаралі штрафам у памеры 350 базавых велічынь — 11 200 беларускіх рублёў. Валянціне Мядзьведзь з улікам сукупнасьці прысудаў у выніку прызначылі 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Гэта значыць, што да папярэдняга прысуду жанчыне дадалі яшчэ 1 год «хатняй хіміі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 сакавіка: затрымалі байца MMA, засудзілі мэдсястру, завялі справу за артыкулы ў Вікіпэдыі

Жанчыне, якая гадуе 13 дзяцей, прысудзілі тры гады «хатняй хіміі» за камэнтар пра Лукашэнку

Учора і сёньня ў Пружанскім судзе разглядалі крымінальную справу супраць Вікторыі Онахавай-Жураўлёвай.

Жанчыну абвінавацілі па ч.2 арт.367 КК («Паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь»). Згодна з вэрсіяй абвінавачваньня, Онахава-Жураўлёва пакінула ў тэлеграм-чаце камэнтар з паклёпам на Лукашэнку.

Судзьдзя Бальшакова прысудзіла Вікторыі тры гады «хатняй хіміі».

Адзначым, што Вікторыя Онахава-Жураўлёва гадуе 13 дзяцей, 9 зь якіх прыёмныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жанчыне, якая гадуе 13 дзяцей, прысудзілі тры гады «хатняй хіміі» за камэнтар пра Лукашэнку

У Беларусі затрымалі дзясяткі лекараў-траўматолягаў

На мінулым тыдні ў Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні лекараў-траўматолягаў, прычым большасьць зь іх — кіраўнікі аддзяленьняў.

Паводле зьвестак сайту Zerkalo.io, затрымалі ад 25 да 50 мэдыкаў па ўсёй краіне. Іх падазраюць па артыкуле 430 КК «Атрыманьне хабару». Пра масавае затрыманьне лекараў са спасылкай на свае крыніцы паведаміла і «Наша ніва».

Дачок Ганны Севярынец адлічылі з БДУ

Дачок пісьменьніцы і настаўніцы Ганны Севярынец Яўгенію і Любоў адлічылі з філялягічнага факультэта БДУ

Пра гэта Ганна Севярынец паведаміла ў Фэйсбуку. Яўгенію і Любоў затрымалі на антываеннай акцыі 28 лютага, ім прысудзілі па 15 дзён арышту

У Дзяржынску працягваюцца рэпрэсіі

Праваабаронцы «Вясны» паведамляюць, што 28 сакавіка супрацоўнікі АМАПу затрымалі мясцовага жыхара каля школы №4 горада Дзяржынска. Прозьвішча затрыманага і прычыны пакуль невядомыя.

Як распавядаюць мясцовыя жыхары, ІЧУ Дзяржынска перапоўнена. Затрыманых утрымліваюць у жорсткіх умовах: у камэрах холадна, не выдаюць матрацаў, перадачы не прымаюць. Тыдзень таму праваабаронцы ўжо паведамлялі пра рэпрэсіі ў Дзяржынску: у парушэньне заканадаўства на суткі затрымлівалі маці непаўнагадовых дзяцей, аднаго чалавека пры затрыманьні зьбілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве аштрафавалі сьвятара, затрыманага за налепку «Украина, прости!»

Дачок пісьменьніцы і настаўніцы Ганны Севярынец Яўгенію і Любоў Субат адлічылі зь філялягічнага факультэту БДУ

Пра гэта Ганна Севярынец паведаміла ў Фэйсбуку. Яўгенію і Любоў затрымалі на антываеннай акцыі 28 лютага, ім прысудзілі па 15 дзён арышту.