Прэзыдэнт Пэру пазьбег імпічмэнту — пагроза ўзьнікла ўжо праз 8 месяцаў пасьля інаўгурацыі

Пэдра Кастыльлё

Кангрэс ня змог набраць неабходнай колькасьці галасоў, каб адхіліць прэзыдэнта ад пасады.

Прэзыдэнт Пэру Пэдра Кастыльлё пазьбегнуў імпічмэнту, які плянавалі аб’явіць яму ўжо праз 8 месяцаў пасьля ўзыходжаньня на пасаду. Да абвяшчэньня імпічмэнту ў Кангрэсе, дзе большасьць маюць палітычныя апанэнты прэзыдэнта з правых партыяў, не хапіла двух галасоў: 55 прагаласавалі за імпічмэнт, 54 супраць, 19 устрымаліся, піша AFP.

Пагроза імпічмэнту паўстала пасьля абвінавачаньняў прэзыдэнта ў карупцыі. Ён адрынуў усе абвінавачаньні і ў сваю чаргу абвінаваціў у карупцыі эканамічныя групы, якія дамагаюцца «перавароту» супраць ягонага ўраду.

Пэдра Кастыльлё — былы вясковы настаўнік, прадстаўнік леварадыкальнай партыі «Вольнае Пэру». У ліпені 2021 яго афіцыйна абвясьцілі прэзыдэнтам краіны, ён на этапе перадвыбарнай агітацыі ён выступаў з праграмай сацыяльных рэформаў і справядлівага разьмеркаваньня багацьцяў краіны. Кастыльлё перамог зь нязначнай перавагай, атрымаўшы 50,12% галасоў.

Таксама Кастыльлё абяцаў павялічыць выдаткі на ахову здароўя і адукацыю, падаткі на звышпрыбытак, забясьпечыць усеагульны доступ у інтэрнэт, вярнуць сьмяротнае пакараньне, скасаваць Канстытуцыйны суд і ўвесьці кантроль над СМІ.

Гэта ня першая спроба імпічмэнту прэзыдэнта ў Пэру за апошнія гады. Аднак папярэдняя спроба абвясьціць яго скончылася пасьпяхова. У лістападзе 2020 году Кангрэс за хабарніцтва абвясьціў імпічмэнт прэзыдэнту Мартыну Віскару. Дзяржаву ўзначаліў Мануэль Мэрына, аднак празь некалькі дзён пасьля прыходу да ўлады ён падаў у адстаўку з прычыны гібелі двух чалавек падчас разгону пратэстаў супраць ураду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хакеры ўзламалі сайты расейскіх арбітражных судоў, апублікавалі заклікі да імпічмэнту Пуціну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выпадку імпічмэнту ў 96-м афіцэры абяцалі закаваць Лукашэнку ў ланцугі