Мінабароны Азэрбайджану абвінаваціла ведамства Шайгу ў непавазе да падпісанай Пуціным дэклярацыі

Сяргей Шайгу

Міністэрства абароны Азэрбайджану другі раз за апошнія суткі выступіла з заявай, у якой абвергла сьцьвярджэньні расейскага міністэрства абароны.

«Выкарыстаньне назвы „Нагорны Карабах“ у заявах Мінабароны Расеі ад 26 і 27 сакавіка зьяўляецца непавагай да тэрытарыяльнай цэласнасьці Азэрбайджанскай Рэспублікі, прызнанай і прынятай міжнароднай супольнасьцю, у тым ліку Расейскай Фэдэрацыяй», — гаворыцца ў сёньняшняй заяве Мінабароны Азэрбайджану, якую цытуе агенцтва Report.

Раней, у суботу ўвечары, Мінабароны Азэрбайджану выказала шкадаваньне ў сувязі з «аднабаковай заявай Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі ад 26 сакавіка 2022 году, якая не адлюстроўвае рэчаіснасьць».

«Са шкадаваньнем адзначаем, — казалася ў заяве, — што ў адпаведнасьці з пунктам 4 дадзенай заявы да гэтага часу ня выкананы поўны вывад рэшткаў армянскай арміі і незаконных армянскіх узброеных фармаваньняў з тэрыторыі Азэрбайджану. Таму парушальнікам палажэньняў Заявы зьяўляецца менавіта Армэнія, а не Азэрбайджан».

У сёньняшняй заяве Міністэрства абароны Азэрбайджану заявіла, што «Міністэрства абароны РФ сваёй заявай таксама дэманструе непавагу да названай дэклярацыі, падпісанай прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі, Вярхоўным галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі Расеі Ўладзімірам Уладзіміравічам Пуціным», — адзначылі ў ведамстве.

  • 26 сакавіка Мінабароны РФ накіравала Азэрбайджану заклік адвесьці войскі. Паводле расейцаў, Узброеныя сілы Азэрбайджану нібыта зайшлі ў зону адказнасьці расейскага міратворчага кантынгенту на тэрыторыі Нагорнага Карабаху і нанесьлі чатыры ўдары бесьпілётным лятальным апаратам тыпу «Байрактар ТБ-24» па тэрыторыі Нагорнага Карабаху.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Азэрбайджану адказала Расеі на патрабаваньне адвесьці войскі з Нагорнага Карабаху

Прыкметна, што Міністэрства абароны Азэрбайджану спасылаецца на тэлефонную размову міністра Закіра Гасанава зь міністрам абароны РФ Сяргеем Шайгу адносна сытуацыі, якая склалася ў зоне, дзе разьмешчаны кантынгент расейскіх войскаў. Размова, як паведамляецца, адбылася 25 сакавіка.

Гэта першая інфармацыя пра якую-небудзь актыўнасьць Шайгу за некалькі тыдняў, якая сыходзіць не з расейскіх крыніцаў. Да гэтага расейскія афіцыйныя СМІ паведамілі пра даклад Шайгу Пуціну, але гэтая інфармацыя выклікала недавер у некаторых заходніх аглядальнікаў, схільных тлумачыць адсутнасьць Шайгу ў публічнай прасторы напружанымі адносінамі з расейскім прэзыдэнтам ці нават адстаўкай міністра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць Мішусьціна, Шайгу, Мядзьведзева, Салаўёва і яшчэ 350 расейскіх фізычных і юрыдычных асоб

Канфлікт у Карабаху

  • Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам вакол Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная пераважна этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай рэспублікі» («Арцах» па-армянску).
  • Падчас узброенага канфлікту 1988–1994 гадоў у рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азэрбайджану перайшлі пад фактычны кантроль узброеных сілаў Армэніі. У выніку сотні тысяч чалавек, пераважна этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і вымушанымі перасяленцамі.
  • «Нагорна-Карабаская рэспубліка» не была афіцыйна прызнаная ніводнай зь дзяржаваў ААН, у тым ліку самой Армэніяй. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі з патрабаваньнямі вываду армянскіх войскаў з Карабаху і прызнаньнем тэрыторыі часткай Азэрбайджану.
  • Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 году Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна істотны горад Шуша. Назаўтра пасьля ўзяцьця Шушы прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісалі мірнае пагадненьне аб спыненьні вайны ў рэгіёне.
  • Паводле дамовы за Армэніяй і Азэрбайджанам замацаваныя тэрыторыі, на якіх знаходзіліся войскі на момант падпісаньня дакумэнту. Уздоўж лініі дотыку разьмешчана міратворчая місія Расеі, якая на ліпень 2021 году складае каля 2 тысяч чалавек.
  • Нягледзячы на мірнае пагадненьне 2020 году, паміж войскамі дзьвюх краін пэрыядычна ўзьнікаюць перастрэлкі, якія прыводзяць да ўзяцьця ў палон і гібелі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны РФ: Войскі Азэрбайджану нанесьлі ўдары зь бесьпілётніка па войсках Карабаху