Цяжка зразумець пазыцыю кіраўніка ўраду Вугоршчыны Віктара Орбана наконт вайны Расеі супраць Украіны, у якой загінулі тысячы людзей. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда ў інтэрвію TVN24.
«На гэты момант, ва ўмовах расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, гібелі тысяч людзей ва Ўкраіне, мірных жыхароў, бамбаваньняў жылых кварталаў, разбурэньня шматкватэрных дамоў расейскай арміяй, гэтых злачынстваў паводле міжнароднага права, цяжка ўявіць, каб я разумеў такое стаўленьне», — сказаў Дуда.
Паводле яго слоў, Віктар Орбан «знаходзіцца ў складанай сытуацыі», але яго палітыка можа вельмі дорага каштаваць Вугоршчыне.
«Ці ня ён зрабіў Вугоршчыну амаль цалкам залежнай ад Расеі? У іх ёсьць АЭС, якая вырабляе энэргію для Вугоршчыны, некалькі гадоў таму яны падпісалі кантракт з расейскімі структурамі на мадэрнізацыю гэтай станцыі, таму гэтая залежнасьць велізарная», — адзначыў Дуда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны G7 заявілі аб гатоўнасьці адмовіцца ад расейскіх энэрганосьбітаў і заклікалі краіны, якія здабываюць нафту і газ, павялічыць пастаўкіПольскі прэзыдэнт адзначыў, што энэргетычная залежнасьць ад Расеі зьяўляецца праблемай многіх краін Эўразьвязу, таму там ня здолелі ўвесьці санкцыі на закупку паліўна-энэргетычных рэсурсаў, але ў адрозьненьне ад Вугоршчыны іншыя краіны перадаюць зброю Ўкраіне, таму пазыцыю афіцыйнага Будапэшту зразумець цяжка.
Акрамя таго, у інтэрвію Анджэй Дуда зазначыў, што Эўразьвяз цяпер значна больш зьяднаны, чым быў дагэтуль.
Раней міністарка абароны Чэхіі Яна Чарнахава адмовілася ехаць у Вугоршчыну на сустрэчу зь міністрамі абароны краін Вышаградзкай чацьвёркі з-за пазыцыі Будапэшту па расейскай агрэсіі супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы са спадаром Зяленскім паціснулі рукі. У нас адзін вораг – Пуцін». Эксклюзіўнае інтэрвію Пятра ПарашэнкіУжо 3 красавіка ў Вугоршчыне адбудуцца выбары ў Нацыянальную асамблею. Галоўным супернікам Орбана за пасаду кіраўніка ўраду стане кансэрватыўны кандыдат — беспартыйны Петэр Маркі-Зай, мэр гораду Ходмэзёвашархэй.