Саўка ды Грышка пра вайну і «Пуціна-маньяка»

Героі Лявона Вольскага спрачаюцца пра вайну, якую расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін разьвязаў ва Ўкраіне.

Грышка:
Ён вампір, ён маньяк,
Пасылае атрады пад кулі.
Ён бязь сьмерці – ніяк.
І таму ён бамбіць Марыупаль.
Дапаможа яму
Друг вусаты ў крывавых задачах.

Саўка:
Што-та я не пайму…
Всё, наверна, ня так адназначна.

Грышка:
Ён вупыр-людажэр,
Ён вайну разьвязаў з Украінай.
Там захрас і цяпер
Ядзернай пагражае дубінай.
Разбамбіў гарады,
Над ахвярамі родныя плачуць…

Саўка:
Не сьпяшы, падаждзі,
Всё, наверна, ня так адназначна.

Грышка:
А ягоны друган
Здаў краіну расейскай навале.
І наводзіць туман:
Каб ня мы, дык на нас бы напалі.
Што за ганьба, скажы?!
Нам ніколі ніхто не прабачыць!

Саўка:
Падаждзі, не сьпяшы,
Всё, наверна, ня так адназначна.