У дакумэнце, унесеным Масквой, гаворыцца аб абароне мірнага насельніцтва і аказаньні гуманітарнай дапамогі. Пры гэтым у ім не ўдакладняецца, хто адказны за гуманітарны крызіс, які ўзьнік пасьля поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны.
З 15 чальцоў Рады Бясьпекі падтрымалі праект Расея і Кітай, астатнія ўстрымаліся.
«Гэтай цынічнай абразы не павінна быць месца ні ў Радзе Бясьпекі, ні ў Генэральнай Асамблеі», — пракамэнтаваў праект амбасадар Украіны ў ААН Сяргей Кісьліца.
Камэнтуючы прапанову Расеі, Лінда Томас-Грынфілд, прадстаўніца Злучаных Штатаў у ААН, заявіла, што Масква спрабуе выкарыстаць Раду Бясьпекі, каб «прыкрыць свае ўласныя жорсткія дзеяньні».
«Сапраўды шакуе тое, што Расея мае нахабства прапанаваць рэзалюцыю з просьбай да міжнароднай супольнасьці ўрэгуляваць гуманітарны крызіс, які стварыла сама Расея. Злучаныя Штаты плянуюць устрымацца, таму што, відавочна, Расеі няма справы да пагаршэньня гуманітарных умоваў або мільёнаў жыцьцяў і мараў, зьнішчаных вайной. Калі б яны клапаціліся, яны б спынілі баі», — сказала Лінда Томас Грынфілд, тлумачачы намер ЗША ўстрымацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэзалюцыя Рады Бясьпекі ААН аб Украіне: Расея наклала вэта, Кітай устрымаўся25 лютага Расея наклала вэта на рашэньне Рады Бясьпекі ўнесьці ў Генасамблею рэзалюцыю супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
26 лютага прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зьвярнуўся да генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша з просьбай забраць у Расеі права голасу ў Радзе Бясьпекі ААН.