Істотна падаражэлі паслугі натарыюса. Асабліва для дакумэнтаў, патрэбных за мяжой

Нацыянальны аэрапорт Менск. Ілюстрацыйнае фота

На дадатак да падвышэньня ў 10 разоў коштаў апастылю ўзьняліся цэны натарыяльных паслугаў для тых, хто афармляе дакумэнты на выезд за мяжу альбо жадае выйсьці з грамадзянства.

Новыя тарыфы апублікаваныя на нацыянальным прававым партале і вынікаюць з пастановы ўраду № 149 ад 21 сакавіка 2022 году.

У прыватнасьці, павялічваецца кошт наступных паслугаў:

  • Пасьведчаньне згоды (адмовы) на афармленьне выезду для сталага пражываньня за мяжой, на выхад з грамадзянства Рэспублікі Беларусь: ад 0,3 да 3 базавых велічыняў (да 96 рублёў). Праект такой згоды падаражэў таксама ў 10 разоў: з 0,2 да 2 базавых велічыняў (да 64 рублёў).
  • Кошт забесьпячэньня доказаў для вядзеньня спраў у органах замежных дзяржаў падаражэў з 2 да 6 базавых велічыняў (да 192 рублёў). Кошт дакумэнту для судоў агульнай юрысдыкцыі Беларусі застаўся бязь зьменаў.
  • Складаньне і падрыхтоўка праектаў даверанасьцяў даражэе з 0,3 да 0,5 базавай велічыні (да 16 рублёў).
  • Сьведчаньне сапраўднасьці подпісу на перакладах дакумэнтаў на іншыя мовы даражэе да 2 базавых велічыняў (64 рублі), кошт перакладу на расейскую і беларускую мовы застаецца бязь зьменаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ў 10 разоў вырасла цана на паслугі апастылю

Раней паведамлялася пра падвышэньне коштаў апастылю.

  • Так, стаўкі консульскага збору пры звароце ў Галоўнае консульскае ўпраўленьне Міністэрства замежных спраў за легалізацыю афіцыйнага дакумэнта складуць 1 базавую велічыню (32 рублі). Раней стаўка збору складала 0,5 базавай велічыні (16 рублёў).
  • За прастаўленьне апастылю на афіцыйным дакумэнце, складзеным на тэрыторыі Беларусі, — 5 базавых велічынь (160 рублёў). Раней — 0,5 базавай велічыні (16 рублёў).
  • Акрамя таго, падымаецца стаўка дзяржаўнага мыта за прастаўленьне апастылю на афіцыйным дакумэнце, складзеным на тэрыторыі Беларусі — яна таксама складзе 5 базавых велічыняў (160 рублёў). Раней яна таксама была 0,5 базавай велічыні (16 рублёў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча за паўтара года прыняла 26 тысяч беларусаў, якія выехалі з краіны ад рэпрэсій