Беларусь прыняла рашэньне аб скарачэньні колькасьці ўкраінскіх дыпляматаў на сваёй тэрыторыі, паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз 23 сакавіка. Скарочаным прапанавана пакінуць Беларусь цягам 72 гадзін. Паводле Глаза, дыпляматычны склад у фармаце 1+4 (гэта значыць амбасадар і чатыры супрацоўнікі) можа працягваць працу «ў адпаведнасьці з мэтамі, вызначанымі Венскімі канвэнцыямі».
Таксама, паводле прэс-сакратара МЗС, «у сувязі з фактычнай адсутнасьцю пэрсаналу беларускім бокам прынятае рашэньне аб закрыцьці кансуляту Ўкраіны ў Берасьці».
Такое рашэньне Анатоль Глаз патлумачыў тым, што нібыта «з 2020 году беларускім бокам фіксаваліся шматлікія недружалюбныя дзеяньні Ўкраіны, накіраваныя на безадказнае разбурэньне міждзяржаўных адносінаў» зь Беларусьсю. Паводле яго, украінскія ўлады «пачалі наўпрост і ўскосна ўмешвацца ў нашы ўнутраныя справы, паставілі „на паўзу“ кантакты паміж дзяржавамі і яшчэ ў 2021 годзе на высокім афіцыйным узроўні назвалі Беларусь „варожай краінай“».
«За межамі нашага разуменьня знаходзяцца нядаўнія дзеяньні прадстаўнікоў украінскіх уладаў у дачыненьні да ні ў чым не вінаватых беларускіх грамадзян, якія не па сваёй волі аказаліся ў зоне канфлікту, канфіскацыі маёмасьці, хамскае абыходжаньне зь беларускімі дыпляматамі і чальцамі іх сем’яў на КПП „Магілёў-Падольскі“», — заявіў Анатоль Глаз.
Перад гэтым, 22 сакавіка, КДБ Беларусі заявіла, што нібыта выкрыла ўкраінскую агентурную сетку, якая дзейнічала ў дыпляматычных установах Украіны.
Пазьней Міністэрства замежных спраў Украіны адрэагавала на заявы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі пра нібыта «шпіёнаў», якія працавалі ў пасольстве Ўкраіны.
Як адзначыў сьпікер МЗС Украіны Алег Нікаленка, Беларусь запісала ў шпіёны работнікаў пасольства, якія да поўнамаштабнага ўварваньня сотні разоў сустракаліся з афіцыйнымі асобамі краіны і былі афіцыйнымі прадстаўнікамі розных украінскіх ведамстваў — у тым ліку Міністэрства абароны і Службы бясьпекі. Паводле яго, такую дзейнасьць наўрад ці можна назваць «пад прыкрыцьцём».
«Разьлічваем, што канчатковай мэтай гэтай правакацыі не зьяўляецца ўзмацненьне антыўкраінскай гістэрыі ў Беларусі, каб апраўдаць падтрымку збройнай агрэсіі Расеі супраць Украіны», — цытуе Нікаленку ўкраінскае агенцтва «Уніан».
Таксама Нікаленка зазначыў, што МЗС пакідае за сабой права на адказ на такія недружалюбныя дзеяньні Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палымянае прывітаньне і 30 срэбранікаў». Кіеў апублікаваў запіс ад’езду амбасадара Беларусі з Украіны19 сакавіка Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны апублікавала відэазапіс размовы ўкраінскага памежніка з амбасадарам Беларусі ва Ўкраіне Ігарам Сокалам, які выяжджаў з тэрыторыі Ўкраіны. На відэа ўкраінскі памежнік кажа, што, выконваючы загад кіраўніка Дзяржаўнай памежнай службы Сяргея Дэйнэкі, ён перадае празь беларускага амбасадара «палымянае прывітаньне і 30 срэбранікаў» для старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі генэрал-лейтэнанта Лапо. У адказ на гэта Ігар Сокал заявіў: «Гэта загад для вас, але не для мяне», і сышоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ заявіў, што «ліквідаваў рэзыдэнтуру» Ўкраіны, і абвінаваціў журналіста Івашына ў шпіянажы 22 сакавіка КДБ Беларусі заявіў, што «ліквідаваў рэзыдэнтуру Ўкраіны, якая дзейнічала пад дыпляматычным прыкрыцьцём». Як сьцьвярджае КДБ, супрацоўнікі амбасады Ўкраіны ў Беларусі ажыцьцяўлялі агентурную выведку, робячы спробы сфармаваць разгалінаваную сетку інфарматараў зь ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама асабіста зьбіралі выведную інфармацыю, у тым ліку ў дачыненьні да беларускіх вайсковых аб’ектаў. Таксама ў шпіянажы на ўкраінскую выведку абвінавацілі журналіста Дзяніса Івашына, які за кратамі ўжо больш як год. ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Украіны: КДБ Беларусі назвала шпіёнамі тых, хто працаваў адкрыта і сотні разоў сустракаўся з афіцыйнымі асобамі