КДБ заявіў, што «ліквідаваў рэзыдэнтуру» Ўкраіны, і абвінаваціў журналіста Івашына ў шпіянажы

Дзяніс Івашын

КДБ Беларусі заявіў, што «ліквідаваў рэзыдэнтуру Ўкраіны, якая дзейнічала пад дыпляматычным прыкрыцьцём», і абвінаваціў у шпіянажы на ўкраінскую выведку журналіста Дзяніса Івашына.

Прадстаўнік КДБ РБ заявіў, што супрацоўнікі амбасады Ўкраіны ў Беларусі ажыцьцяўлялі агентурную выведку, робячы спробы сфармаваць разгалінаваную сетку інфарматараў зь ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама асабіста зьбіралі выведную інфармацыю, у тым ліку ў дачыненьні да беларускіх вайсковых аб’ектаў.

«На працягу апошніх гадоў фіксавалася актыўная выведная дзейнасьць з пазыцыі амбасады Ўкраіны ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама консульства гэтай дзяржавы ў горадзе Берасьці», — цытуе БелТА намесьніка начальніка Сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанціна Бычака.

Бычак таксама паведаміў, што «ў дзеяньнях асобных украінскіх дыпляматаў ёсьць прыкметы злачынства, прадугледжанага артыкулам 358 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (шпіянаж). Аднак у адпаведнасьці з арт.31 Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных зносінах названыя асобы карыстаюцца імунітэтам ад крымінальнай юрысдыкцыі дзяржавы знаходжаньня».

Намесьнік начальніка Сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак заявіў, што ягоным ведамствам «прынятыя вычарпальныя меры па скоўваньні разьведдзейнасьці праціўніка і ліквідацыі рэзыдэнтуры, якая дзейнічала пад дыпляматычным прыкрыцьцём».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палымянае прывітаньне і 30 срэбранікаў». Кіеў апублікаваў запіс ад’езду амбасадара Беларусі з Украіны

КДБ таксама абвінаваціў у працы на спэцслужбы Ўкраіны журналіста Дзяніса Івашына.

Паведамляецца, што Івашын трапіў у поле зроку КДБ у 2017 годзе дзякуючы «дэструктыўнаму характару» дзейнасьці ў інтэрнэце.

Вось некаторыя фрагмэнты заявы КДБ, якія тычацца Івашына:

  • «Аўтарам рэгулярна ажыцьцяўляліся інфармацыйныя ўкіды адносна так званых варожых дзеяньняў Расеі ў адносінах да Ўкраіны і Беларусі».
  • «Івашын зьяўляецца рэдактарам беларускай старонкі ўкраінскага праекту InformNapalm. Удакладненыя некаторыя аспэкты яго біяграфіі, а менавіта: да 2013 году фігурант зьяўляўся актывістам партыі „Беларускі народны фронт“, адкрыта падтрымліваў РПГ (расшыфроўка абрэвіятуры не даецца. — РС), удзельнічаў у акцыях пратэсту, несанкцыянаваных антыканстытуцыйных мерапрыемствах. У 2014 годзе пачаў пазыцыянаваць сябе прыхільнікам „Правага сэктару“, выехаў ва Ўкраіну, дзе ўдзельнічаў у падзеях „Эўрамайдану“, масавых беспарадках у Кіеве».
  • «... праверачныя мерапрыемствы дазволілі выявіць, што рэсурс InformNapalm створаны 72-м цэнтрам інфармацыйна-псыхалягічных апэрацый, названым у цяперашні час Галоўным цэнтрам інфармацыйна-псыхалягічных апэрацый, нароўні зь іншымі падобнымі цэнтрамі, якія ўваходзяць у склад сіл спэцыяльных апэрацый УС Украіны і дзейнічаюць у інтарэсах Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны».
  • «... у выніку вывучэньня дзейнасьці Дзяніса Івашына ўстаноўлена, што наш грамадзянін пад непасрэдным куратарствам з Кіева на пастаяннай аснове за адпаведнае ўзнагароджаньне арганізаваў збор зьвестак і падрыхтоўку інфармацыйных матэрыялаў... у дачыненьні да супрацоўнікаў сілавога блёку Беларусі, лідэраў і актывістаў абʼяднаньняў казакоў, якія функцыянуюць у Беларусі, якія, на думку ўкраінскага боку, прапагандуюць „русский мир“, іншых арганізацый, якія падтрымліваюць зь імі цесныя адносіны, а таксама былых вайскоўцаў украінскага спэцпадразьдзяленьня „Беркут“, якія пераехалі на сталае месца жыхарства ў Беларусь, атрымалі нашае грамадзянства і працаўладкаваліся ў сыстэме МУС».
  • «Прымаючы пад увагу, што дзеяньні Дзяніса Івашына былі непасрэдна спалучаныя з нанясеньнем шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, улічваючы ўжо сабраную доказную базу, у сакавіку 2021 году дзейнасьць фігуранта ў інтарэсах украінскай вайсковай выведкі была спыненая. У дачыненьні да яго распачатыя і расьсьледуюцца крымінальныя справы па арт. 365 „Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка органаў унутраных спраў“ і арт. 356 „Здрада дзяржаве“ Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Дзяніс Івашын з-за кратаў змог перадаць сваю пазыцыю пра падзеі на Данбасе

Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году за «ўмяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка органаў унутраных спраў». Івашын валянтэрыў як рэдактар сайта міжнароднай расьсьледніцкай супольнасьці InformNapalm, працаваў пазаштатным карэспандэнтам газэты «Новы час». Ён сядзіць у СІЗА турмы № 1 у Горадні.

Івашын вядомы сваімі расьсьледаваньнямі пра ўплыў «русского мира» на Беларусь, пра скандальную забудову ў Курапатах, а таксама пра пераход былых украінскіх «беркутаўцаў» у сілавыя структуры Беларусі.

  • Некалькі дзён таму супрацоўнікі амбасады Беларусі ў Кіеве пакінулі тэрыторыю Ўкраіны. З 27 лютага ў амбасадзе не адказваў ніводзін тэлефон — ні гарадзкі, зь якога раней сакратарка магла пераключыць на дыпляматаў, ні мабільны тэлефон консула, службовы абавязак якога — дапамагаць грамадзянам Беларусі, якія трапілі ў надзвычайную сытуацыю ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: жонка Івашына адмовілася ад допыту ў ягонай справе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паводле артыкулу «здрада дзяржаве» сядзяць 12 палітвязьняў. Хто яны?