Судзьдзя Маргарыта Котава, якую 18 сакавіка Пуцін павысіў, прызначыўшы судзьдзёй Маскоўскага гарадзкога суду, у першых жа словах заявіла, што Навальны ўчыніў махлярства.
У выніку Навальнага прыгаварылі да 9 гадоў калёніі строгага рэжыму і штрафу 1,2 млн рублёў па крымінальнай справе аб махлярстве і абразе суду.
Раней дзяржабвінавачваньне папрасіла суд прызначыць Аляксею Навальнаму 13 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму і штраф 1,2 мільёна рублёў. Абарона запатрабавала апраўдаць Навальнага.
Першы эпізод тычыцца абразы судзьдзі Веры Акімавай, пракурора Кацярыны Фраловай і сьведкі Ігара Калесьнікава, унука вэтэрана Ігара Арцёменкі, за паклёп на якога апазыцыянэра судзілі ў пачатку 2021 году.
У другім эпізодзе абвінавачаньне лічыць махлярствам збор ахвяраваньняў на рахункі заснаванага Навальным Фонду барацьбы з карупцыяй (цяпер ён прызнаны расейскімі ўладамі экстрэмісцкім і забаронены) і на асабістыя рахункі шэрагу паплечнікаў Навальнага (супраць іх таксама распачатыя крымінальныя справы, але яны знаходзяцца за мяжой). «Сродкі зьбіраліся на заведама нязьдзяйсьняльную мэту — вылучэньне Навальнага ў прэзыдэнты Расейскай Фэдэрацыі», — сфармуляваў у судзе пракурор сутнасьць абвінавачаньняў у махлярстве. Пры гэтым зь дзясяткаў тысяч людзей, якія ахвяравалі Навальнаму і ФБК, у якасьці пацярпелых у справе фігуруюць толькі чатыры — і ня ўсе яны падтрымалі абвінавачваньне падчас працэсу.
Навальны сваёй віны не прызнаў, ён лічыць справу палітычнай. У дні паседжаньняў у справах Навальнага судзьдзя Маргарыта Котава стэлефаноўвалася з супрацоўнікам Адміністрацыі прэзыдэнта Яўгенам Уладзіміравым, сьцьвярджае паплечнік палітыка Іван Жданаў, у распараджэньні якога аказалася дэталізацыя званкоў судзьдзі. Сам Навальны, выступаючы ў спрэчках, зачытаў даты і дакладны час гэтых званкоў і выказаў думку, што судом над ім кіруюць у адміністрацыі.
Адвакатаў Навальнага Вольгу Міхайлаву і Вадзіма Кобзева ля калёніі затрымала паліцыя, перадае карэспандэнт «Новой газеты»: іх пасадзілі ў аўтазак і павезьлі. Пазьней стала вядома, што іх усё ж адпусьцілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крэмль прызнаў, што супраць вайны ва Ўкраіне выступаюць каля чвэрці расейцаў, але лічыць, што «меншасьць ёсьць меншасьць»