Памёр вядомы пісьменьнік Юз Аляшкоўскі, які напісаў знакамітую «Песню про Сталина»

Юз Аляшкоўскі

Аляшкоўскі памёр ва ўзросьце 92 гадоў у амэрыканскім горадзе Тампа. Пра гэта ў сацыяльных сетках паведаміў ягоны сын Аляксей Аляшкоўскі.

Юз Аляшкоўскі (сапраўднае імя Іосіф Аляшкоўскі) нарадзіўся ў 1929 годзе ў расейскім Краснаярску. Ягоны бацька Хаім нарадзіўся ў беларускім Мазыры, а сын пісьменьніка пазьней вывучаў беларускую мову ў маскоўскім Літаратурным інстытуце.

Пасьля вайны Аляшкоўскага прызвалі ў войска, служыў на флёце. Спазьняючыся на цягнік, Аляшкоўскі скраў машыну сакратара Прыморскага крайкаму ВКП(б), за што атрымаў 4 гады зьняволеньня. Пасьля вызваленьня працаваў на будоўлі, шафёрам, у трэсьце «Мосводопровод».

З 1965 году зарабляў сабе на жыцьцё літаратурай, дзе пачынаў як дзіцячы аўтар. Пісаў казкі, апавяданьні, сцэнары для кіно і тэлевізіі. Многія яго творы для дарослых (напрыклад, аповесьць «Николай Николаевич») распаўсюджваліся праз самвыдат.

Атрымаў вядомасьць як аўтар «Песни про Сталина»:

«Товарищ Сталин, вы большой учёный —
В языкознаньи знаете вы толк,
А я простой советский заключённый,
И мне товарищ — серый брянский волк»

Пасьля публікацыі «лягерных песень» у 1979 годзе быў вымушаны эміграваць. Жыў у ЗША.

У 2001 годзе Юз Аляшкоўскі стаў ляўрэатам нямецкай «Пушкінскай прэміі», у тым жа годзе падпісаў ліст у абарону старога калектыву тэлеканалу НТВ, які пазбавіўся незалежнасьці і трапіў пад кантроль пуцінскай улады. У 2011 годзе Аляшкоўскаму ўручылі «Расейскую прэмію» за кнігу «Маленький тюремный роман».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр пісьменьнік і літаратуразнаўца Аляксей Пяткевіч
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр журналіст і пісьменьнік Аляксандар Тамковіч