Хроніка перасьледу 21 сакавіка: у Менску затрымалі за абразу беларускіх і расейскіх вайскоўцаў

Інтэрнэт-цэнзура, ілюстрацыя

У Беларусі працягваецца перасьлед грамадзян за выказваньне ўласнай думкі і пратэсты, у тым ліку супраць вайны Расеі з Украінай і ўдзелу ў ёй беларускага боку.

Затрымалі за камэнтары ў інтэрнэце

У Менску за камэнтары ў інтэрнэце затрымалі Віталя Енаровіча, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

Зь ім ужо зьявілася відэа на праўладных тэлеграм-каналах. Паведамляецца, што затрыманы нібыта ўдзельнічаў у пасьлявыбарных пратэстах, пакідаў абразьлівыя камэнтары пра міліцыянтаў, а таксама беларускіх і расейскіх вайскоўцаў.

Варта адзначыць, што словы на відэа, якія запісваюць сілавікі, у прававой дзяржаве ня могуць лічыцца доказамі віны чалавека.

Затрымалі за фатаздымкі вайсковай тэхнікі

У дачыненьні да 33-гадовага пінчука завялі крымінальную справу па ч.1 арт.361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Паводле Сьледчага камітэту, 33-гадовы мужчына «выйшаў на сувязь з адміністратарамі тэлеграм-канала, якія зьяўляюцца ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармаваньня, якім перадаў матэрыялы для наступнага апублікаваньня».


«Падазроны фатаграфаваў на камэру мабільнага тэлефона ваенную тэхніку, ажыцьцяўляў здымкі перамяшчэньняў ваеннага транспарту і ў далейшым перадаў гэтыя зьвесткі адміністратарам тэлеграм-каналаў», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Затрымалі за рэгістрацыю ў пляне «Перамога»

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што з 34-гадовым Юрыем Сяменьнікам зьявілася «пакаяннае відэа» на праўладных тэлеграм-каналах. У ім гаворыцца, што мужчына нібыта зарэгістраваўся ў пляне «Перамога».

Як сьцьвярджаюць сілавікі, яму пагражае арт. 361-1 КК РБ «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: У Баранавічах і Дзяржынску ператрусы і затрыманьні, канфіскуюць тэхніку, людзей вязуць на допыты
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 15 сакавіка: вучаніц каледжа прымусілі «пакаяцца» за TikTok-ролікі з ваеннай тэхнікай; новыя прысуды за пратэсты