Гэта штогадовы круглы стол вядомых сусветных лідэраў і экспэртаў аб будучыні Беларусі як часткі эўрапейскай сям’і, заснаваны ў Вільні 24 жніўня 2020 году.
Сёлетні Форум Каліноўскага прысьвечаны ўшанаваньню даробку героя беларускага адраджэньня і працягу яго місіі ў сучасным кантэксце. Праца форуму праходзіць у трох асноўных аспэктах:
- падтрымка незалежнасці Беларусі;
- абмеркаваньне пытаньня, які ўклад парлямэнцкая дыпляматыя можа ўнесці ў будучыню дэмакратычнай Беларусі;
- тактыка і стратэгія Лукашэнкі, якую цяпер рэалізуе дыктатар.
Гэтыя пытаньні абмяркоўваюцца ў кантэксьце цяперашняй агрэсіі Расеі ва Ўкраіне. У форуме бяруць удзел прадстаўнікі ня толькі нацыянальных урадаў, але і парлямэнтаў, роля якіх у барацьбе за дэмакратыю ў нашыя дні становіцца яшчэ больш важнай.
У першай частцы форуму, мадэратарам якой быў Франак Вячорка, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай, выступілі сярод іншых:
- Вікторыя Чміліце-Нільсэн, сьпікерка Сойму Літвы;
- Інгрыда Шыманіце, прэм’ер-міністарка ўраду Літвы;
- Робэрт Мэнэндэс, старшыня камітэту замежных справаў Сэнату ЗША;
- Сьвятлана Ціханоўская, лідэрка дэмакратычнай Беларусі;
- Руслан Стэфанчук, сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны;
- Майкл Карпэнтэр, амбасадар ЗША пры АБСЭ;
- Дэйвід Макалістэр, старшыня камітэту замежных справаў Эўрапарлямэнту;
- Павал Фішэр, старшыня камітэту замежных справаў Сэнату Чэхіі;
- Вікторыя Спарц, чалец Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША;
- Стывэн Нікс, дырэктар эўразійскай праграмы Міжнароднага рэспубліканскага інстытуту;
- Віціс Юрконіс, дырэктар праектаў Freedom House.
Цытаты з выступу некаторых удзельнікаў форуму:
Руслан Стэфанчук:
«Мы не ўпершыню змагаемся з расейскай агрэсіяй. Але ўпершыню нас падтрымлівае ўся аб’яднаная Эўропа і ўсе магутныя дэмакратычныя дзяржавы ў сьвеце. Мы не адны. Я хачу падзякаваць усім, хто сабраўся тут, за тое, што вы ўжо зрабілі і што працягваеце рабіць для маёй краіны і майго народу».
Вікторыя Чміліце-Нільсэн
«Я аптымістка. Па-першае, беларускую апазыцыю не зламалі. Яна працягвае дзейнічаць тут, у Вільні, у Варшаве, у іншых сталіцах і, вядома, у самой Беларусі. За апошні год лідэрка беларускай апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская працавала нястомна, каб пераканаць сьвет, што рэжым Лукашэнкі не прадстаўляе волі народу і што патрэбны далейшыя санкцыі і ціск супраць яго. Па-другое, нягледзячы расейскія ракеты, бомбы і танкі, якія зьнішчаюць украінскія гарады і забіваюць людзей ужо амаль месяц, Расеі не ўдалося паняволіць Украіну. Наадварот, сёньня дух, воля і адзінства Ўкраіны мацнейшыя, чым калі-небудзь раней».
Інгрыда Шыманіце
«Украіна сёньня мужна змагаецца ня толькі за сябе, але і за ўвесь свабодны сьвет. Гэтае змаганьне папраўдзе мяняе глябальныя правілы гульні. У канчатковым выніку Ўкраіна пераможа, Бо ў іншым выпадку ня будзе канца».
Інгрыда Шыманіце заявіла пра сытуацыю ў Беларусі:
«Сёньня беларускі дыктатар, баязьлівец, які называе сябе прэзыдэнтам Беларусі, ня толькі пасадзіў у турмы або выслаў свабодных жыхароў сваёй краіны. Ён канчаткова і беззваротна здрадзіў свой народ, зрабіў Беларусь – ня тую, сапраўдную, а тую, якую ён з апошніх сіл спрабуе ўтрымаць у сваім кулаку, – саюзьніцай крамлёўскай агрэсіі і пляцдармам вайны Расеі супраць Украіны», – заявіла яна Інгрыда Шыманіце, якую цытуе Delfi.lt.
Сьвятлана Ціханоўская
«Сёньня, праз 160 гадоў (пасьля пакараньня сьмерцю Кастуся Каліноўскага) расейскі тыран спрабуе забіць увесь народ — Украіну. Забіць народ, які выбраў свабоду і сувэрэннасьць. Мы, беларусы, гэта востра разумеем: украінскі і беларускі лёсы цяпер ўзаемазьвязаныя. У выпадку падзеньня Ўкраіны ў Беларусі ня будзе ніякай будучыні, акрамя рабства ўнутры Расейскай імперыі. У Эўропы таксама ня будзе мірнай будучыні. Калі Украіна пераможа, у нас будзе шанец вярнуцца ў эўрапейскую сям’ю.».
Майкл Карпэнтэр
«Украіна не належыць Расеі, Украіна не належыць ніякай іншай краіне. І Беларусь таксама не належыць Расеі. Украіна належыць украінскаму народу, а Беларусь — беларускаму».
Дэйвід Макалістэр
«Асабліва шакуе тое, што Расея і Беларусь, краіны, якія панесьлі неймаверныя страты падчас зьверстваў Другой сусьветнай вайны, цяпер нясуць сьмерць і зьнішчэньне мірнай і дэмакратычнай суседцы — Украіне».
- Форум арганізаваны Соймам Літоўскай Рэспублікі ў супрацоўніцтве з амбасадай ЗША ў Беларусі, амбасадай Польшчы ў Літве, Офісам Святланы Ціханоўскай у Вільні, Інстытутам Джорджа Буша, Нацыянальным фондам дэмакратыі (NED), Міжнародным рэспубліканскім інстытутам (House) , Літоўска-нямецкім форумам, Швэдзкім міжнародным ліберальным цэнтрам (SILC), Educatio: Інстытутам разьвіцьця і адукацыі.
- У першым паседжаньні Форуму ўзялі ўдзел многія высокапастаўленыя палітычныя прадстаўнікі, у тым ліку намеснік дзяржсакратара ЗША Стывэн Біган, а таксама вядучыя навукоўцы, спэцыялісты па Беларусі і Ўсходняй Эўропе. Удзельнікі выказалі вялікую падтрымку беларускай апазыцыі і змагарам за свабоду і заклікалі да рашучага супраціву рэпрэсіям нелегітымнага рэжыму ў Беларусі і антыдэмакратычнай яго падтрымцы Расейскай Федэрацыяй.
- Другі Форум Каліноўскага адбыўся 22 сакавіка 2021 году. На ім былі пастаўлены тры асноўныя мэты: а) дасягненьне інклюзіўнага нацыянальнага дыялёгу; б) правядзеньне свабодных і сумленных выбараў пад эгідай АБСЭ, і в) падтрымка незалежных СМІ, праваабаронцаў, арганізацый грамадзянскай супольнасці і патрабаваньне безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных. У Форуме прынялі ўдзел многія вядомыя палітычныя дзеячы з Эўрапейскага Зьвязу і ЗША, такія як Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, старшыня Камітэту міжнародных спраў Кангрэсу ЗША Боб Мэнэндэс, намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Джордж Кент і іншыя палітычныя прадстаўнікі.