Беларуская журналістыка «значна вальнейшая», чым амэрыканская, эўрапейская і нават японская. Такое меркаваньне выказаў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвію журналісту японскага тэлеканала TBS Шыгеноры Канехірэ.
Вось што сказаў Лукашэнка пра журналістыку ў Японіі.
«Гэта старажытная імпэрыя, устояная імпэрыя. Там не проста законы, а сьвядомасьць людзей такая, што ніколі Канехіра ці нейкі іншы журналіст не адважацца парушаць гэтыя традыцыйныя, стагоддзямі ўстояныя нормы, не толькі законы. Мы маладая сувэрэнная дзяржава. Мы ўсяго 30 гадоў існуем, як незалежная дзяржава. Можа, і ў гэтым яшчэ прычына Але ёсьць і ў вас здраднікі, і розныя людзі. Захад аб гэтым не крычыць. Вы таксама», — сказаў Лукашэнка.
І не прыгадаў, каб беларускія журналісты цяпер былі за кратамі.
«Саджаюць. Толькі не за іх дзейнасьць прафэсійную, а за тое, што змагаюцца супраць сваёй дзяржавы на грошы Злучаных штатаў Амэрыкі і калектыўнага Захаду. Хаця я не ўзгадаю, каб у нас зараз нехта быў пакараны і сядзеў з журналістаў. Сядзеў у турме, — заявіў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналістыУ дзень, калі Лукашэнка даваў інтэрвію японскаму тэлеканалу, у СІЗА знаходзіліся 19 работнікаў мэдыя, а ў калёніях адбывалі пакараньне журналісты: Кацярына Андрэева (Белсат), Дар’я Чульцова (Белсат), Ігар Лосік (кансультант Радыё Свабода), Алег Грузьдзіловіч Радыё Свабода), Аляксандр Івулін (Трыбуна).
Па дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў, на 19 сакавіка ў няволі застаюцца 26 працаўнікоў беларускіх медныя. У Японіі — ніводнага, паведамляе Камітэт абароны журналістаў.
У мінулым годзе беларускія суды прызналі экстрэмісцкімі практычна ўсе буйныя незалежныя СМІ. Частка з іх, паводле рашэньня сілавых ведамстваў, названа «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», за ўдзел у якіх прадугледжана да сямі гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі для сілавых структур узмацнілі ўмовы захоўваньня зброіЗмаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Перасьлед працягнуўся ў 2022-2023 гг.
Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:
- «Белгазета»,
- «Брестская газета»,
- «Газета Слонімская»,
- «Информ-прогулка»,
- «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
- «Лидер-пресс».
- «Народная воля»,
- «Новы час»,
- «Рэгіянальная газета»,
- «Свободные новости плюс»,
- «Ганцавіцкі час».
У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».
Мэдыя і мэдыяарганізацыі, прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: Радыё Свабода, Белсат, БелаПАН, Эўрарадыё, Tut.by, Kyky.org, Наша Ніва, Хартыя’97, Флагшток, Hrodna.life, Volkovysk.by, Маланка Медыя, «Бабруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Мост, Люстэрка, Ранак, Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар, Tribuna.com Беларусь, Ex-press.livе, Deutsche Welle Беларусь, UDF.by.
У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».
Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.