У Беларусі для сілавых структур узмацнілі ўмовы захоўваньня зброі

Зброя на выставе Milex ў Менску, 16 траўня 2019 году

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб узмацненьні ў сілавых структурах умоў захоўваньня зброі, каб выключыць магчымы доступу да яе трэціх асобаў.

Як адзначаецца ў апублікаваным указе ад 17 сакавіка, гэта датычыць Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз, Камітэту дзяржаўнага кантролю, Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю і Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сказаў, што не зьбіраецца разьмяшчаць ядзерную зброю ў Беларусі

У прыватнасьці, новы парадак абарачэньня баявой, службовай, грамадзянскай зброі і боепрыпасаў прадугледжвае неабходнасьць іх захоўваньня толькі ў спэцыяльна абсталяваных памяшканьнях, якія «забясьпечваюць захаванасьць, бясьпеку іх захоўваньня і выключаюць доступ да іх староньніх асобаў».

Калі такія памяшканьні адсутнічаюць, згаданыя структуры мусяць перадаць сваю зброю на захаваньне ў найбліжэйшыя падразьдзяленьні сваіх структур, у якіх такія спэцыяльныя памяшканьні ёсьць, ці перадаць у органы ўнутраных спраў або памежнай службы.