Фінансавая гвардыя Італіі арыштавала нерухомасьць уладальніка «Северстали» Аляксея Мардашова, які раней трапіў пад санкцыі Эўразьвязу.
Гаворка ідзе пра «жылы комплекс нерухомасьці», які разьмешчаны ў горадзе Олбія на Сардыніі. Яго кошт складае каля 105 мільёнаў эўра. Раней у Італіі арыштавалі яхту Мардашова — яе кошт ацэньваецца ў 65 мільёнаў эўра.
- 17 сакавіка ўлады Гішпаніі затрымалі яхту «Crescent» («Паўмесяц»), якая, як мяркуецца, належыць кіраўніку «Роснефти» Ігару Сечыну.
- Раней улады Маёркі затрымалі яхту, якая належыць расейскаму алігарху Аляксандру Міхееву, і судна, якое знаходзілася ў рамонце на вэрфі ў Барсэлёне і зьвязанае з кіраўніком «Ростеха» Сяргеем Чэмезавым.
- 5 сакавіка ўлады Італіі наклалі арышт на нерухомасьць расейскага бізнэсоўца Алішэра Ўсманава і тэлевядоўцу Ўладзіміра Салаўёва. Гаворка ідзе аб дзьвюх вілах Салаўёва на возеры Кома, а таксама аб віле Ўсманава на Сардыніі.
- Таксама была арыштаваная яхта ўладальніка Volga Group Генадзя Цімчанкі і віла ў Таскане былога дэпутата Дзярждумы Алега Саўчанкі.
- 3 сакавіка ўлады Нямеччыны арыштавалі ў Гамбургу 156-мэтровую яхту Алішэра Ўсманава. Кошт яхты ацэньваецца ў 600 мільёнаў даляраў.
- ЗША стварылі міжнародную групу для пошуку і арышту актываў расейскай эліты на Захадзе. У яе ўвайшлі прадстаўнікі Аўстраліі, Вялікай Брытаніі, Канады, Японіі, Нямеччыны, Францыі, Італіі і Эўракамісіі, паведамляе Міністэрства фінансаў ЗША.