«Беларускія лекары зрабілі ўсё магчымае і немагчымае». Параненая ў галаву ўкраінская дзяўчынка ўжо пакінула Беларусь

Апэрацыя ў шпіталі хуткай дапамогі ў Менску ў 2019 годзе. Ілюстрацыйнае фота

Трэцяга сакавіка ў РНПЦ нэўралёгіі і нэўрахірургіі ў Менску прывезьлі ўкраінскую дзяўчынку з агнястрэльным раненьнем у галаву. Расейскія вайскоўцы, які паранілі дзяўчынку, эвакуавалі яе на верталёце з аэрапорту Гастомеля да Мазыра, а адтуль санавіяцыяй малую перавезьлі ў Менск.

Як напісала ў Інстаграме цёця дзяўчынкі, пасьля апэрацыі тая пасьпяхова аднавілася і ўжо размаўляе, усьміхаецца, гуляе і даглядае свайго сабаку.

«Апэрацыя на галаўным мозгу прайшла фэнамэнальна. Беларускія Дактары зрабілі ўсё магчымае і немагчымае, за што ім паклон і дзякуй! Дзякуй усяму мэдпэрсаналу, вадзіцелям і ўсім, хто дапамагаў чым мог! Вялікі дзякуй беларусам, якія прапанавалі дапамагчы, вы проста неверагодна шчырыя і добрыя людзі. Шчыра жадаю свабоды!» — напісала жанчына, разьмясьціўшы пасьля падзякі бел-чырвона-белыя сэрцы.

Насьця зь цёцяй і ўкраінскай дыпляматкай (справа).

Насьця — так завуць дзяўчынку — ужо пакінула Беларусь. Цяіпер яна ў Эўропе, пад наглядам лекараў. ⠀

Бацькі і брат дзяўчынкі загінулі. У яе засталася бабуля. Трагічную гісторыю сям'і Насьці апісаў у сваім Фэйсбуку міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба.

«28 лютага ў Кіеўскай вобласьці расейскія вайскоўцы абстралялі машыну зь мірнай сям’ёй, якая спрабавала пакінуць зону баявых дзеяньняў. Загінулі маці і бацька і 18-гадовы сын. 5,5-гадовая бабуля і ўнучка, якія атрымалі кулявое раненьне галавы, засталіся жывыя. Акупанты забралі іх у Беларусь. Іх знайшлі нашыя консулы. Дзіця прааперавалі ў адной зь беларускіх бальніц». — напісаў міністар.

Кулеба падзякаваў украінскім консулам і амбасадзе, а таксама беларускім мэдыкам, якія выратавалі дзіця, і беларускаму добраахвотніку, які суправаджаў нашых суграмадзян да мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Параненую ў галаву ўкраінскую дзяўчынку праапэравалі ў РНПЦ нэўралёгіі і нэўрахірургіі ў Менску. Што пра яе вядома

⠀⠀