У сувязі з саўдзелам беларускай дзяржавы ў расейскай вайне супраць Украіны беларускую эканоміку чакае няўхільны глыбокі крызіс. Гэты крызіс будзе не падобны да тых, якія беларусы перажылі ў 2009-м, 2011-м, з 2014-га па 2016-ы, а таксама ў 2020-м, мяркуе эканаміст Алесь Аляхновіч.
На думку эканаміста Алеся Аляхновіча, кіраўніка эканамічнай каманды Офісу Святланы Ціханоўскай, Беларусь чакае эканамічны крах, падобны да таго, які адбыўся пасьля распаду СССР. У пубдікацыі на сайце Zerkalo.io ён прыводзіць некалькі прычын для такога маштабнага крызісу.
- «Па-першае, моцнае абясцэньваньне беларускага рубля. За час вайны курс даляра вырас з 2 рублёў 60 капеек да 3 рублёў 30 капеек. Але па такім курсе вы нідзе не купіце валюты. Рынкавы курс бліжэйшы да 3,5 рубля. То бок рубель ужо абясцэніўся на траціну».
- «Па-другое, адчувальны рост цэнаў амаль на ўсе тавары. Гэта зьвязана з ростам валютнага курсу, дэфіцытам некаторых імпартных кампанэнтаў і тавараў у выніку байкоту беларускага рынку замежнымі кампаніямі, ростам глябальных цэнаў на энэргарэсурсы, а таксама ўключэньнем у кошт тавараў розных тыпаў рызыкі, якіх не было да вайны (напрыклад, праблемы з аплатай або дастаўкай тавараў, павышэньне падаткаў і новыя абмежаваньні з боку дзяржаўных органаў). Рост цэнаў на большасьць тавараў прывядзе да зьбядненьня беларусаў, бо заробкі, пэнсіі і іншыя выплаты ня будуць пасьпяваць за інфляцыяй».
- «Па-трэцяе, абмежаваньні на валютным рынку. Рэзэрваў Нацбанку недастаткова, каб адначасова фінансаваць пагашэньне дзяржаўнага доўгу, падтрымаць курс рубля і забясьпечыць ліквіднасьць банкам пры выплаце валютных зьберажэньняў усім ахвотным. Таму, калі пачалася паніка на валютным рынку, Нацбанк рэкамэндаваў банкам абмежаваць абмен валюты і зьняцьце сродкаў з банкаўскіх рахункаў».
- «Па-чацьвёртае, скарачэньне вытворчасьці на прадпрыемствах і скарачэньне занятасьці. 40 краін Захаду, у тым ліку Эўразьвяз, ЗША, Канада, Швайцарыя і Нарвэгія, вельмі істотна абмежавалі імпарт зь Беларусі, у тым ліку нафты, нафтапрадуктаў, калійных і азотных угнаеньняў, мэталапрадукцыі, дрэва і вырабаў з дрэва, цэмэнту і вырабаў з гумы. У прыватнасьці, ЭЗ забараніў пастаўкі прыкладна 70% тавараў, якія Беларусь пастаўляла туды. Для асобных прадпрыемстваў і галін эканомікі скарачэньне будзе яшчэ большым і будзе пагражаць банкруцтвам».
- «Па-пятае, фінансавыя праблемы на прадпрыемствах. Многія зь іх, асабліва дзяржаўныя, маюць валютныя крэдыты, кошт абслугоўваньня якіх цяпер імкліва расьце праз падзеньне курсу беларускага рубля. Яшчэ да вайны многія зь іх былі на мяжы рэнтабэльнасьці і патрабавалі дзяржаўнай падтрымкі на пагашэньне крэдытаў, а часам нават на абслугоўваньне працэнтаў па крэдытах».
- «Па-шостае, падзеньне якасьці жыцьця праз байкот замежнымі кампаніямі беларускага рынку. Ужо цяпер або неўзабаве вы ня зможаце схадзіць у кіно, каб паглядзець новы галівудзкі фільм, купіць у краме нейкі смачны імпартны пачастунак або брэндавую вопратку, паесьці ў „Макдоналдсе“, выклікаць таксі праз смартфон, адрамантаваць свой імпартны аўтамабіль, зьняць гатэль або апартамэнты праз Booking.com або Airbnb, скарыстацца сваёй банкаўскай карткай для міжнародных пакупак або падчас адпачынку за мяжой. Зрэшты, ужо неўзабаве беларусы могуць увогуле стаць невыязнымі, таму што многія краіны адмовяцца выдаваць нам візы, а дабрацца самалётам у іншыя эўрапейскія краіны будзе вельмі складана і дорага».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.