«Праваслаўныя людзі Літвы з болем у сэрцы ўспрынялі трагедыю народу Ўкраіны, — сказана ў звароце. — З самага пачатку ваенных дзеяньняў ва ўсіх праваслаўных храмах была ўзмоцненая малітва аб найхутчэйшым спыненьні вайны, аб аднаўленьні міру на зямлі Ўкраіны».
Мітрапаліт заявіў што пазыцыя Праваслаўнай царквы ў Літве застаецца нязьменнай: «Мы рашуча асуджаем вайну Расеі супраць Украіны і молім Бога аб найхутчэйшым спыненьні. Як вы, мусіць, ужо пасьпелі заўважыць, у нас з Патрыярхам Кірылам розныя палітычныя погляды і ўспрыманьне бягучых падзей. Ягоныя палітычныя выказваньні наконт вайны ва Ўкраіне — гэта ягоная асабістая думка. Мы ў Літве з гэтым ня згодныя».
У звароце прыгадана, што ў гады змаганьня за незалежнасьць Літвы 30 гадоў таму Праваслаўная царква ў Літве выступіла ў падтрымку літоўскага народу, за незалежную літоўскую дзяржаву.
«Мы жывём у свабоднай, дэмакратычнай краіне. Літва — гэта не Расея, — сказаў у звароце мітрапаліт Інакенцій. — Гэта іншая дзяржава, іншае грамадзтва са сваім духоўна-маральным кліматам. Праваслаўныя Літвы складаюць няхай невялікую (актыўных прыхаджан па ўсёй Літве наўрад ці набярэцца больш за тры тысячы чалавек), але неад'емную частку гэтага грамадзтва і зьяўляюцца паўнапраўнымі грамадзянамі сваёй краіны, якія свабодна вызнаюць традыцыйную рэлігію. Нашы прыхаджане — сумленныя і сьціплыя людзі, якія добрасумленна многія гады працавалі на карысьць краіны Літоўскай і зрабілі свой унёсак у справу будаўніцтва свабоднай Літвы».
- Віленская эпархія зьяўляецца часткай Расейскай праваслаўнай царквы.
- У праваслаўных цэрквах Літвы цяпер штодня чытаецца малітва за Ўкраіну.