«Дзеяньні баевікоў Расеі на ядзерных аб’ектах Украіны пагражаюць экалягічнай трагедыяй усёй Эўропы. Учора ў выніку варожых абстрэлаў была пашкоджана высакавольтная лінія электраперадач Запароскай АЭС 750 кВт, празь якую ажыцьцяўляецца выдача электраэнэргіі з атамнай электрастанцыі. З чатырох высакавольтных ліній працоўнай засталася толькі адна. Такім чынам, магутнасьць двух працуючых энэргаблёкаў Запароскай АЭС была зьменшаная. Рамонт лініі немагчымы, бо ў зоне пашкоджаньня працягваюцца актыўныя баявыя дзеяньні. Сытуацыя пагаршаецца, зьмяншаецца выдача магутнасьці станцыі. Ёсьць вялікая рызыка поўнага абясточваньня», — заявіла Дзянісава.
Паводле Дзянісавай, у выніку поўнага абясточваньня наступствы будуць больш сур’ёзнымі, чым на Чарнобыльскай АЭС, бо ў Энэргадары — 6 рэактараў і 6 басэйнаў, якія трэба ахалоджваць.
«Менавіта таму трэба аднавіць лінію электраперадач, каб забясьпечыць істотную рэзэрву», — удакладняе Дзянісава.
Паводле яе слоў, цяпер на Запароскай АЭС — 50 адзінак вайсковай тэхнікі і каля 500 салдат Расеі: «Пэрсанал станцыі працуе пад рулямі захопнікаў».
Што адбываецца на ЧАЭС
Дзянісава дадала, што вельмі складанай застаецца сытуацыя на закрытай Чарнобыльскай АЭС.
«Невялікі калектыў працуе на мяжы зьнясіленьня. Работнікі скардзяцца на млоснасьць, галаўныя болі, галавакружэньне. Некаторыя зь іх цярпяць на захворваньні, якія патрабуюць сталага доступу да лекаў, якія канчаюцца. Зьнясіленьне прымушае супрацоўнікаў бунтаваць усё больш. Кожную раніцу на станцыі праз гучнагаварыцель гучыць Дзяржаўны гімн Украіны.
Пэрсанал станцыі таксама ўступае ў спрэчку з расейскімі салдатамі. Увесь гэты час украінскія ўлады спрабуюць дамовіцца аб стварэньні гуманітарнага калідора і эвакуацыі працаўнікоў электрастанцыі, каб на іх месца заступіла новая зьмена. Аднак Расея да гэтага часу ня згодная з гэтымі ўмовамі», — паведаміла амбудсмэнка.
Яна дадала, што дзеяньні вайскоўцаў Расеі на Запароскай і Чарнобыльскай АЭС «зьяўляюцца актам ядзернага тэрарызму і грубым парушэньнем патрабаваньняў Канвэнцыі аб забароне ваеннага або любога варожага выкарыстаньня сродкаў узьдзеяньня на прыроднае асяродзьдзе і артыкула 56 Дадатковага пратаколу 1977 да Жэнэўскіх канвэнцый і іншых актаў рэгуляцыі ядзернай сфэры».
16 сакавіка «Енергоатом України» паведаміў, што ўкраінскі пэрсанал ЧАЭС адмаўляецца пакідаць станцыю, «разумеючы, што яны паддадуць рызыцы сваіх калег, якія ў такім выпадку павінны стаць добраахвотнымі закладнікамі акупантаў. Таксама, калі пэрсанал пакіне станцыю, расейскія захопнікі могуць замест іх завезьці новы пэрсанал з «Росатома».
У «Энэргаатаме» дадалі, што камунікацыя паміж украінскімі супрацоўнікамі захопленай ЧАЭС і расейскімі вайскоўцамі «фактычна адсутнічае», а апошнія «пакуль ня ўмешваюцца ў вытворчы працэс».
Па дадзеных дзяржпрадпрыемства, на ЧАЭС цяпер знаходзяцца 103 працаўнікі:
«Пэрсанал ЧАЭС сілкуецца сваімі прадуктамі з ранейшых запасаў. Ежу і прадукты ад акупантаў пэрсанал не прымае».
Падчас шырокамаштабнага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну расейская армія ўзяла пад кантроль два атамныя абʼекты — Чарнобыльскую і Запароскую атамныя электрастанцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі «Eнергоатом»: расейскія вайскоўцы ўзарвалі частку боепрыпасаў на тэрыторыі Запароскай АЭС ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У зоне адчужэньня каля Чарнобылю пачаліся пажары. Пэрсанал АЭС ужо 18 дзён у закладнікахВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.