Васіль Быкаў:
Як заўжды на вайне, галоўная плата — кроў, і плаціць той, хто найменш вінаваты.
Томас Ман:
Вайна — гэта толькі баязьлівыя ўцёкі ад праблемаў міру.
Карл Краўс:
Як кіруюць сьветам і як пачынаюцца войны? Дыпляматы хлусяць журналістам, а потым вераць прачытанаму.
[Карл Краўс (1874–1936) — аўстрыйскі пісьменьнік і журналіст, вядомы сваімі сатырычна-афарыстычнымі выказваньнямі ў адрас прэсы і палітыкаў.]
Яўгеній Еўтушэнка:
Хотят ли русские войны?
Спросите вы у тишины
над ширью пашен и полей
и у берез и тополей.
Спросите вы у тех солдат,
что под березами лежат,
и пусть вам скажут их сыны,
хотят ли русские войны. (…)
[Верш напісаны ў 1961 годзе, у разгар «халоднай вайны», якая ў 1962-м, праз так званы «карыбскі крызіс», ледзь не абярнулася «гарачай» вайной з выкарыстаньнем ядзернай зброі. Прыклад выдатнага хрэстаматыйнага верша на службе дзяржаўнай ідэалёгіі. Ці застанецца гэты верш хрэстаматыйным пасьля вайны Расеі з Украінай?]
Бэнджамін Фрэнклін:
Ніколі не было добрай вайны ці дрэннага міру.
[Бэнджамін Франклін (1706–1790) — палітычны дзеяч, пісьменьнік, навуковец, адзін з айцоў-заснавальнікаў Злучаных Штатаў Амэрыкі.]
Малкалм Форбз:
Вайна амаль ніколі не сканчаецца так, як яе задумалі пачынальнікі.
[Малкалм Форбз (1919–1990) — амэрыканскі прадпрымальнік, выдавец вядомага бізнэс-часопіса Forbes, заснаванага ягоным бацькам у 1917 годзе.]
Джордж Патан:
Няхай Бог літуецца над маімі ворагамі, бо я ня буду.
[Джордж Патан (1885–1945) — адзін з галоўных амэрыканскіх генэралаў у Другой сусьветнай вайне, камандзір танкавага корпусу, які браў удзел у баях з нацыстамі ў Італіі, Францыі і Нямеччыне.]
Уінстан Чэрчыль:
Вы спытаеце, якая наша мэта? Я магу адказаць адным словам. Гэта перамога, перамога любой цаной; перамога, нягледзячы на ўвесь жах; перамога, якой бы доўгай і цяжкай ні быў шлях да яе, бо безь перамогі няма выжываньня.
[З прамовы прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Ўінстана Чэрчыля ў Палаце грамадаў 13 траўня 1940 году.]
Сара Бэрнар:
Чаму цывілізацыя працягвае адступаць? Кожная вайна, нават калі яна пераможная, — гэта новая параза нашага розуму.
[Сара Бэрнар (1844–1923) — славутая ў свой час француская акторка.]
Якуб Колас:
(…)
Бягуць, уцякаюць,
Аж пяты бражджаць.
І рушыла раптам
Чырвоная раць!
Сталёвая лава
Як гром, ураган —
За танкамі танкі,
Бы хмар караван.
Імкнуць як разводзьдзе,
Як морскі прыбой,
Зьмятаюць вяльможных
Савецкай мятлой.
Народ высыпае
З пагорбленых хат:
— Ох, сіла ж якая!
— Ох, колькі ж гармат!
(…)
[Гэта фрагмэнт сатырычнай паэмы, якую Якуб Колас напісаў у 1939 годзе, вітаючы паход Чырвонай арміі на Польшчу і далучэньне Заходняй Беларусі да БССР. Прыклад слабой паэзіі на службе ў дзяржаўнай ідэалёгіі.]
Уільям Шэксьпір:
Крыві й загубы будзе столькі
І жахі стануць так прывычнымі,
Што мацеры зь усьмешкай паглядацьмуць,
Як іх дзяцей чвартуюць на вайне.
Задушаць літасьць жорсткія расправы,
А Цэзаравы дух, да помсты заклікаючы,
З Гекатай з вогненнага пекла
Над гэтымі абшарамі ўзьнясецца
І голасам манаршым пракрычыць:
„Палі й сячы!“ — і спусьціць псы вайны.
[Гэта фрагмэнт маналёгу Антонія з драмы Шэксьпіра «Юлій Цэзар». Антоній прадвяшчае вайну ў Рыме пасьля забойства Цэзара. Пераклад мой. Арыгінал:
Blood and destruction shall be so in use
And dreadful objects so familiar
That mothers shall but smile when they behold
Their infants quarter’d with the hands of war;
All pity choked with custom of fell deeds:
And Caesarʼs spirit, ranging for revenge,
With Ate by his side come hot from hell,
Shall in these confines with a monarchʼs voice
Cry ʼHavoc,ʼ and let slip the dogs of war.]
Плятон:
Толькі забітыя ўбачылі канец вайны.
Сьвятлана Алексіевіч:
Безь нянавісьці страляць ня будзеш. Гэта вайна, а не паляваньне.
Тэры Прачэт:
Як думаеце, ці магчыма, каб звар’яцела ўся нацыя?
Альбэрт Айнштайн:
Я ня ведаю, якой зброяй будуць весьці Трэцюю сусьветную вайну, але Чацьвёртая сусьветная вайна будзе весьціся палкамі і камянямі.
Джозэф Гелер:
Якая розьніца забітаму на вайне, хто яе выйграе?
[Цытата зь вядомага сатырычна-абсурдысцкага антываеннага раману «Catch 22».]
Томас Пінчан:
Яны закаханыя. Я**ць вайну!
[Цытата зь «Вясёлкі гравітацыі» («Gravity’s Rainbow»), раману з 1973 году.]
Джордж Орвэл:
Вайна гэта мір. Свабода — гэта рабства. Няведа — гэта сіла.
[З раману «1984».]
Джэймс Джойс:
Няхай мая краіна памрэ за мяне.
[Гэтая фраза з раману Джэймса Джойса «Ўліс» — мабыць, крайняя фармулёўка пункту гледжаньня пісьменьніка-пацыфіста і інтэлектуала, які грэбуе ўсялякай ідэалёгіяй.]
Уладзімір Зяленскі:
Закрыйце неба над Украінай!
[З прамовы перад Кангрэсам ЗША 16 сакавіка 2022 году.]
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.