«Гэта можа быць доўгая і цяжкая бітва, але амэрыканскі народ будзе непахісна падтрымліваць народ Украіны перад абліччам амаральнага і неэтычнага нападу Пуціна на мірнае насельніцтва», — дадаў Байдэн.
Паводле яго слоў, усё гэта дэманструе рашучасьць ЗША накіроўваць ва Ўкраіну самую сучасную зброю. «І мы робім гэта не ў адзіночку. Нашы партнэры і саюзьнікі таксама актывізавалі намаганьні па аказаньні дапамогі Ўкраіне ў галіне бясьпекі. Мы будзем працягваць гэтыя пастаўкі. ЗША і нашы саюзьнікі, партнэры поўныя рашучасьці працягваць дапамагаць Украіне, і значна большы аб’ём яшчэ рушыць усьлед», — сказаў ён.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі раней выступіў зь відэазваротам да абедзьвюх палат Кангрэсу ЗША. Сваю прамову ён пачаў са слоў аб тым, што Кіеў штодня цярпіць расейскія абстрэлы, але не здаецца і не зьбіраецца здавацца, гэтаксама як і ўсе ўкраінцы. Ён нагадаў, што ўкраінцы супраціўляюцца расейскай агрэсіі не з 24 лютага, а ўжо восем гадоў — з таго моманту, як Расея анэксавала Крым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны суд ААН запатрабаваў ад Расеі неадкладна спыніць вайну ва Ўкраіне