Швайцарыя ўводзіць санкцыі супраць 197 расейскіх грамадзян і дзевяці арганізацый праз вайну ва Ўкраіне

Швайцарыя ўсьлед за ЭЗ увяла санкцыі супраць шэрагу расейскіх грамадзян і арганізацый з прычыны ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Санкцыйны сьпіс Швайцарыі «цалкам адпавядае сьпісу ЭЗ», цытуе заяву швайцарскага ўраду «Настоящее время».

«Цяпер санкцыі дзейнічаюць у дачыненьні яшчэ да 197 фізычных асоб: размова ідзе аб фінансавых санкцыях і абмежаваньнях на ўезд. Акрамя таго, уводзяцца санкцыі супраць яшчэ дзевяці структураў», — гаворыцца ў заяве Кабінэту міністраў Швайцарыі.

У санкцыйныя сьпісы трапілі, у прыватнасьці, наступныя бізнэсоўцы, прадпрымальнікі і топ-мэнэджары:

  • Раман Абрамовіч;
  • Андрэй Мельнічэнка;
  • Аляксандар Вінакураў;
  • Вадзім Машковіч;
  • Дзьмітрый Пумпянскі і ягоны сын Аляксандар;
  • Дзьмітрый Мазепін і яго сын Мікіта;
  • прэзыдэнт ПАТ «Ростелеком» Міхаіл Асяеўскі;
  • Андрэй Гур’еў;
  • Дзьмітрый Конаў;
  • Міхаіл Палубаярынаў;
  • гендырэктар Першага тэлевізійнага каналу Канстанцін Эрнст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць Мішусьціна, Шайгу, Мядзьведзева, Салаўёва і яшчэ 350 расейскіх фізычных і юрыдычных асоб

Таксама абмежавальныя меры Швайцарыя ўводзіць супраць кампаній «Роснефть-Аэро», АТ «Рособоронэкспорт», АТ НВА «Высокоточные комплексы», ПАТ «Курганмашзавод», АТ «Вертолеты России», ПАТ ОАК, АТ «Объединенная судостроительная корпорация», АТ «Научно-производственная корпорация Уралвагон».

У канцы лютага, пасьля нападу Расеі на Ўкраіну, Швайцарыя ўвяла фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна, старшыні ўраду Міхаіла Мішусьціна і кіраўніка МЗС Сяргея Лаўрова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бясьпека і новыя санкцыі супраць Расеі. Што абмяркоўвалі кіраўнікі ўрадаў Польшчы, Славеніі і Чэхіі зь Зяленскім у аточаным Кіеве