Сваю прамову Зяленскі пачаў са слоў аб тым, што Кіеў штодня падвяргаецца расейскім абстрэлам, але не здаецца і не зьбіраецца здавацца, гэтак жа, як і ўсе ўкраінцы. Ён нагадаў, што ўкраінцы супраціўляюцца расейскай агрэсіі не з 24 лютага, а ўжо восем гадоў — з моманту, як Расея анэксавала Крым.
«Цяпер вырашаецца лёс нашай краіны і лёс нашага народа. Ці застануцца ўкраінцы свабоднымі? Ці змогуць яны захаваць сваю дэмакратыю? Расея напала ня толькі на нас, на нашу зямлю і нашы гарады: яна пачала жорсткую атаку на нашы каштоўнасьці... на наша права жыць свабодна ў нашай уласнай краіне і будаваць нашу ўласную будучыню», — заявіў украінскі лідэр.
У гэтай сытуацыі, адзначыў Зяленскі, Украіне — а значыць, і ўсёй Эўропе, вялікую дапамогу аказала б саюзьніцкая авіяцыя ва ўкраінскім небе.
«Усім вам вядомая фраза (Марціна Лютэра Кінга —РС) „У мяне ёсьць мара“. Дык вось, у мяне ёсьць неабходнасьць — неабходнасьць абараніць наша неба. І для гэтага мне неабходныя вашае рашэньне і вашая дапамога», — сказаў прэзыдэнт Украіны.
Зьвярнуўшыся завочна да прэзыдэнта Байдэна, Зяленскі сказаў: «Мне хацелася б, каб вы былі лідэрам плянэты, гэта значыць лідэрам [руху за] мір».
«Украіна ўдзячная Злучаным Штатам, — працягваў Зяленскі, — за актыўную падтрымку, за ўсё, што ваш урад зрабіў для нас... за асабісты ўдзел прэзыдэнта Байдэна... Тым не менш, я заклікаю вас зрабіць яшчэ больш: новыя пакеты санкцый павінны ўводзіцца кожны тыдзень, пакуль расейская ваенная машына ня спыніцца».
«Расея зрабіла так, што неба над Ўкраінай нясе тысячам яе жыхароў сьмерць», — дадаў Зяленскі і заклікаў амэрыканскіх заканадаўцаў працягваць аказваць Украіне ваенную дапамогу, дапамагчы закрыць паветраную прастору над краінай, каб зьвесьці на нішто ракетныя абстрэлы, і нарошчваць аб’ём санкцый супраць Крамля і яго паслугачоў.
«Неабходна ўвесьці абмежаваньні для ўсіх, на кім трымаецца гэты несправядлівы рэжым. Мы прапануем, каб Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі ў дачыненьні да ўсіх палітыкаў Расейскай Фэдэрацыі, якія застаюцца ў сваіх кабінэтах і пры гэтым не разьдзіраюць сувязі з тымі, хто адказны за ўварваньне ва Ўкраіну, пачынаючы з дэпутатаў Дзярждумы і канчаючы тымі чыноўнікамі на месцах, у якіх не хапае духу, каб скончыць з гэтым дзяржаўным тэрорам. Усе амэрыканскія кампаніі павінны неадкладна сысьці з расейскага рынку, таму што ён заліты нашай крывёй», — заклікаў Уладзімір Зяленскі.
«Расея ператварыла неба ў крыніцу сьмерці тысяч людзей. Расейскія войскі выкарысталі тысячы ракет, незьлічоныя ракеты, бесьпілётнікі — усё гэта выкарыстоўваецца, каб забіць нас з дакладнасьцю. Гэта той жах, зь якім Эўропа не сутыкалася 80 гадоў, і мы просім адказаў на гэты жах, мы просім адказаў з усяго сьвету», — сказаў Зяленскі.
«Няўжо мы просім занадта шмат: зрабіць так, каб Расея перастала тэрарызаваць нашы вольныя гарады? Калі гэта зашмат і мы ня можам пра гэта прасіць, то вось вам альтэрнатыва: вы ведаеце, што нам патрэбныя абарончыя сыстэмы С-300 і іншыя. Вы ведаеце, як шмат залежыць на полі бою ад магчымасьці выкарыстоўваць самалёты. Магутная авіяцыя дапаможа абараніць наш народ, нашу свабоду і нашу зямлю. Самалёты дапамогуць нам абараніць Украіну і Эўропу. У вас ёсьць яны. Але яны знаходзяцца на зямлі, а не ва ўкраінскім небе», — падкрэсьліў прэзыдэнт Украіны.
У другой палове свайго выступу ён папрасіў чальцоў Кангрэса ЗША паглядзець відэамантаж з кадраў, зьнятых у розных гарадах Украіны ў апошнія тыдні, і якія сьведчаць аб тых жахах, зь якімі даводзіцца мець справу мірнаму насельніцтву. Па асобах заканадаўцаў было бачна, што гэты ролік зрабіў на іх моцнае ўражаньне. У заключэньне на экране ўзьнікла фраза: «Закрыйце неба над Украінай».
У барацьбе з расейскім уварваньнем лідэр Украіны імкнецца заручыцца дадатковай дапамогай заходніх краін; пры гэтым ён выкарыстоўвае форму відэазваротаў.