— Алесь, мы гутарым з вамі ранкам 15 сакавіка. Які быў гэты ранак у Львове? Спакойны ці ўсё ж раўлі сырэны?
— Дзякуй, што нагадалі, якая сёньня дата, таму што часам губляеш адчуваньне часу. У Львове ў прынцыпе спакойны ранак, безь ніякіх сырэнаў, сырэны былі ўчора. Гэта быў, можна сказаць, звычайны ранак жыцьця ў Львове і звычайны ранак тылавога жыцьця ў краіне, у якой ідзе вайна.
— Да гэтага часу, як мне здаецца, не паведамлялі ні пра абстрэлы Львова, ні пра бамбаваньні. А як яно было насамрэч? Вайна дайшла і да вас, ці яшчэ не?
— Сапраўды, бамбаваньняў Львова не было. Былі абстрэлы базы за дваццаць кілямэтраў ад Польшчы, былі абстрэлы аэрадрому ў Роўным, таксама ў Івана-Франкоўску. То бок нічога не замінае, каб заўтра не адбылося бамбаваньня Львова. Чаму яго не адбываецца, я ня ведаю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіну прыбыў пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе— Як паведамляецца, Украіну пакінулі ўжо амаль 3 мільёны ўцекачоў. Ці відаць у Львове, што колькасьць жыхароў паменшала? А можа наадварот, пабольшала, бо ў горад прыбылі ўцекачы з усходу краіны?
— Выглядае, што людзей прыбыло. Пра гэта паведамляе і Садавы, мэр Львова, што як мінімум дзьвесьце тысяч чалавек прыехалі з усходу сюды. Калі падысьці бліжэй да вакзала, то там сапраўдны гармідар, сапраўдны гармідар тылавога гораду падчас эвакуацыі на захад. Там палявыя кухні, стаяць як на Майдане, стаяць валянтэры, вельмі цяжка фізычна папасьці ў цягнік. Цяпер нібыта крыху лягчэй, але гэта першая хваля. Я разумею тых, хто зьяжджаў, і я думаю, што людзі будуць прыбываць, таму што бамбаваньні не спыняюцца, і Марыюпаля, і Харкава, і багата хто яшчэ заціснуты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: калі вайна Расеі працягнецца, траціна насельніцтва Ўкраіны апынецца за мяжой беднасьці— Як выглядае сытуацыя з побытавымі ўмовамі ў горадзе? Ёсьць электрычнасьць, вада, працуе транспарт? Ці магчыма купіць харчовыя прадукты ў краме?
— Сытуацыя ў нас, безумоўна, непараўнальная з Кіевам, ня кажучы ўжо пра Марыюпаль. Некалькі дзён таму быў такі нефармальны загад усім бізнэсам працаваць, каб усё працавала на эканоміку. Паадкрываліся кавярні, таму што ў першыя дзесяць дзён працавалі толькі крамы. Але набыць можна было плюс-мінус усё. Часам прыйдзеш — няма яек. Але пустых паліц не было. Цяпер усталявалася атмасфэра, калі большасьць бізнэсаў сталі адкрывацца, каб людзі зараблялі і плацілі падаткі.
— Ці ўвялі ў Львове камэнданцкую гадзіну?
— Так, яна ёсьць у Львове і, як мне здаецца, ва ўсіх гарадах таксама. Тут могуць быць нюансы, бо не ва ўсіх гарадах яна пачынаецца і сканчаецца ў аднолькавы час. На захадзе Ўкраіны яна стандартна ад 10-й вечара да 6-й раніцы. Але камэнданцкая гадзіна толькі ў гарадах, а за гарадамі яе няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гэта вайна пахавае і Пуціна, і Лукашэнку. Што будзе пасьля— Што кажуць людзі? Чым усё гэта закончыцца? Ёсьць вера ў тое, што вайна хутка спыніцца і наступіць перамір’е?
— Людзі настроеныя па-рознаму. Безумоўна, усе чакаюць канца вайны як такога, а ўжо тактычныя меркаваньні — як гэты канец мае наступіць — вельмі моцна разыходзяцца. Ёсьць шмат веры ва ўкраінскі народ сярод людзей і сапраўды адчуваецца еднасьць украінскага народу. Тут ва Ўкраіне бачна, што насамрэч значыць выраз «вайна народная», які некалі, яшчэ за савецкім часам, моцна тыражаваўся. Я не магу сказаць, як хто лічыць, калі скончыцца вайна, але ўжо адчуваецца і бачна, што ўсё нацэленыя на доўгую вайну. Я думаю, ніхто не чакае, што вайна скончыцца заўтра.
— Не магу не паставіць вам і такога пытаньня: як украінцы ў Львове ставяцца цяпер да вас? Як да прадстаўніка дзяржавы-агрэсара?
— Мяркуйце самі. У асноўны час я раблю сваю працу, а ў вольны час, калі выпадае, іду з украінскімі валянтэрамі, зь якімі мы пляцем маскавальныя сеткі.
Усім беларусам тут заблякавалі банкаўскія карткі, а калі яны будуць разблякаваныя — няясна. Так што пытаньне, колькі часу беларусы змогуць пратрымацца, вельмі актуальнае. Есьці ж трэба, а грошай зьняць няма як.
— Ёсьць у вас намер зьехаць з Украіны?
— Мой намер — заставацца так доўга, як гэта будзе магчыма. Усё залежыць галоўным чынам ад таго, што будзе з нашымі заблякаванымі карткамі. Таму што многа беларусаў вымушаныя зьяжджаць адсюль праз праблему з атрыманьнем грошай.
Пра варыянт Б я вымушаны думаць. Ня тое, што я не хачу быць тут нічыйным нахлебнікам, але бадзяцца бяз хлеба і грошай у ваенны час — таксама вельмі дрэнна. Я да гэтага часу трымаў думку пра тое, каб зьехаць, досыць далёка ад сябе, але цяпер стаў задумвацца. На межах сёньня стала крыху лягчэй, такіх жудасных чэргаў, калі людзі чакалі па двое-трое сутак, каб выехаць у Польшчу, няма. Але мне хацелася б заставацца тут як мага даўжэй. І я ведаю беларусаў, якім таксама так хочацца.
* * *
Алесь Плотка — беларускі літаратар, перакладчык і музыка. Вакаліст гуртоў JazzLatex і Samadhi Boom, TerraKod і «Туфли Гну». Аўтар словаў да песьняў. Вершы і пераклады друкаваліся ў выданнях «Дзеяслоў», «Большой», «Новы час», «Гутарка», «Лікнеп», «Маладосьць». Выдаў два паэтычныя зборнікі: «Байсан» (Менск, 2015) і «Лотас на асфальце» (Кіеў, 2020).
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.