Расея ўвяла санкцыі супраць 313 прадстаўнікоў кіраўніцтва Канады

Атава

Расея забараніла ўезд у краіну прэм’ер-міністру Канады Джасьціну Трудо, міністру замежных спраў Мэлані Жолі і міністру абароны Анітэ Ананд

Пра гэта гаворыцца ў заяве расейскага МЗС.

У сьпісе ўсяго 313 чалавек, у тым ліку большасьць дэпутатаў парлямэнту Канады.

«Сярод тых, хто трапіў пад забарону, таксама большасьць дэпутатаў Палаты абшчынаў канадзкага парлямэнту і агрэсіўныя бандэраўскія элемэнты. Гэты крок носіць вымушаны характар і прыняты ў парадку рэакцыі на варожыя дзеяньні цяперашняга канадзкага рэжыму, якія выходзяць за рамкі прыстойнасьці», — гаворыцца ў заяве МЗС РФ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канада ўводзіць санкцыі супраць Пуціна і Лукашэнкі за «варварскі напад» на Ўкраіну

Раней Канада ўвяла новыя санкцыі ў адказ на ўварваньне Расеі ва Украіну, у тым ліку абмежаваньні ў дачыненьні да 15 расейскіх чыноўнікаў, якія падтрымалі рашэньне прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна аб ўварваньні.