Віла знаходзіцца ў францускім курортным горадзе Біярыц, на паўднёвым захадзе Францыі. Яна мае чатыры паверхі і была пабудаваная ў 50-я гады мінулага стагодзьдзя. Плошча вілы — каля 300 кв. м, пры ёй сад у 2 тыс. кв. м. Па зьвестках архітэктара, які рэстаўраваў яе ў 2008 годзе, яна каштуе 3,7 млн даляраў. Вілу ў Біярыцы дачка Пуціна з былым мужам набылі ў мільярдэра Генадзя Цімчанкі, яшчэ аднаго даўняга сябра расейскага прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё высылаў зь Менску». Інтэрвію зь беларусам, які перадаў відэа пра катаваньні ў расейскіх турмахРаней неаднаразова паведамлялася, што яна належыць сям’і Пуціных-Шамалавых. Расейскі бізнэсовец Кірыл Шамалаў — гэта былы зяць Уладзіміра Пуціна, былы партнэр яго дачкі Кацярыны Ціханавай. Ён сын Мікалая Шамалава, якога Reuters называла старым сябрам Пуціна і акцыянэрам банку «Россия». Шэсьць гадоў таму Reuters ацэньвала маёмасьць сям’і Ціханавай і Шамалава ў 2 млрд даляраў.
На пачатку 2018 году Bloomberg паведаміў, што Шамалаў і Ціханава рассталіся. Дачка Пуціна ўзначальвае фонд «Иннопрактика» ў МГУ, яна віцэ-прэзыдэнтка Сусьветнай канфэдэрацыі спартыўнага рок-н-ролу. Пра іх развод афіцыйна не паведамлялася. Прэзыдэнт Расеі публічна не пацьвярджаў і не абвяргаў інфармацыю пра тое, што Ціханава — яго дачка.
«3 паверхі, 8 спальняў, 2 кухні, басэйн і трэнажэрная заля»
«Мы ўжо атрымалі дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што Шамалаў мае непасрэдны ўдзел у валоданьні гэтым зямельным участкам і самой вілай, якая каштуе шмат мільёнаў эўра. Шамалаў ужо ўключаны ў санкцыйныя сьпісы ЗША, ЭЗ і Вялікай Брытаніі. Мы ўжо пачалі рыхтаваць неабходныя запыты ў францускі ўрад, у мэрыю, каб прынамсі часова ў гэты будынак пусьцілі ўцекачоў ад вайны і рэпрэсій і катаваньняў Пуціна і Лукашэнкі, усяго таго, што яны цяпер разам твораць», — кажа Сяргей Савельеў.
У віле ён прабыў каля сутак, зьняў падрабязную відэадакумэнтацыю пакояў і туалетаў, каб ацаніць, колькі ўцекачоў будынак можа прыняць. Савельеў называе гэта інспэкцыяй будынку, а сам візыт туды — гуманітарнай місіяй.
«Віла цалкам дабудаваная. Туды раней прыяжджала і дачка Пуціна, і яе былы муж. Але там ніхто не жыве. Пуціны-Шамалавы нанялі адну францужанку, якая часам заходзіць у дом, правярае парадак. Мы зайшлі ў дом, адамкнуўшы дзьверы ключом, ніякага ўзлому не было. Выявілася, што зьмесьціцца даволі шмат, каля 20 чалавек. Там 3 паверхі, 8 спальняў, 2 кухні, каля кожнай спальні ёсьць уласны туалет. Каля дому досыць вялікая прылеглая тэрыторыя, з басэйнам, трэнажэрнай заляй, відам на Атлянтычны акіян. Калі ўлады ўсё ўхваляць, то там вельмі камфортна змогуць разьмясьціцца два дзясяткі чалавек», — удакладняе Сяргей.
Калі ўсё ўдасца, то вілу назавуць «Україна UA»
Пазьней вілу давялося пакінуць на просьбу францускай паліцыі. Сяргея разам з кіраўніком францускай арганізацыі «Liberté» (Свабода) і яшчэ адным палітуцекачом з Расеі на кароткі час нават затрымалі. Але ніякіх, нават адміністрацыйных, абвінавачаньняў ім не прад’явілі і вельмі хутка вызвалілі.
«Гэта адна зь дзьвюх вядомых вілаў сям’і Пуціна, але магчыма, што ёсьць і іншыя. Як правіла, яны афармляюцца праз падстаўныя фірмы. Санкцыйныя сьпісы пашыраюцца, датычаць маёмасьці, таму, думаю, гэта пытаньне часу, калі ўсе гэтыя вілы будуць арыштаваныя і там змогуць разьмясьціцца людзі, якія цярпяць ад вайны і рэпрэсій», — лічыць Сяргей Савельеў.
Ён расказаў Свабодзе, што нават у ваколіцы, дзе ён жыве, ужо заўважаныя ўцекачы з Украіны. Віла сям’і Пуціных-Шамалавых называецца Alta Mira. Калі яе ўдасца перадаць на патрэбы ўцекачоў з Украіны, то яе хочуць перайменаваць у вілу «Україна UA».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ГУБАЗіК стварае фэйкавыя тэлеграм-боты, каб лавіць людзей на жыўца». Як у Беларусі пачалі затрымліваць тых, хто гатовы дапамагаць Украіне