Журналістка стала вядомая пасьля таго, як выбегла ў эфір вячэрняга выпуску навінаў з антываенным плякатам. Аднак судзілі яе за запісаны перад акцыяй відэаролік.
Як паведаміла судзьдзя Ганна Балотнікава, паліцыя «знайшла падчас маніторынгу Інтэрнэту ролік, у якім Аўсяньнікава „заклікае неабмежаванае кола асобаў“ да ўдзелу ў публічным мерапрыемстве». Віну яна не прызнала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакаты больш за 12 гадзін ня могуць знайсьці супрацоўніцу расейскага Першага каналу, якая правяла антываенную акцыю ў эфірыАбвінавачваньне спасылалася на словы «выходзьце на мітынгі», якімі журналістка скончыла свой зварот, запісаны перад акцыяй у эфіры «Першага каналу». У роліку яна казала, што ўдзельнічала ў прапагандзе, але цяпер раскайваецца ў гэтым.
«Мы прамаўчалі ў 2014 годзе, калі ўсё гэта толькі пачыналася. Мы ня выйшлі на мітынгі, калі Крэмль атруціў Навальнага. Мы проста моўчкі назіралі за гэтым антычалавечым рэжымам. І цяпер ад нас адвярнуўся ўвесь сьвет. І яшчэ дзесяць пакаленьняў нашых нашчадкаў не адмыюцца ад ганьбы гэтай братазабойчай вайны. Мы, рускія людзі, разважлівыя і разумныя. Толькі ў нашых сілах спыніць гэтае вар’яцтва. Выходзьце на мітынгі, нічога ня бойцеся, яны ня могуць перасаджаць нас усіх», — казала журналістка.
Аўсяньнікава была затрыманая ўвечары ў панядзелак у тэлецэнтры Астанкіна адразу пасьля сваёй акцыі. Доўгі час было невядома, дзе яна. Крыніца дзяржаўнага агенцтва ТАСС паведамляла, што па выніках яе акцыі Сьледчы камітэт праводзіць дасьледчую праверку аб магчымым парушэньні ўведзенага на пачатку сакавіка крымінальнага артыкула аб дыскрэдытацыі арміі. Па ім журналістцы можа пагражаць да 10 гадоў зьняволеньня.