У сацыялягічным апытаньні напярэдадні канстытуцыйнага рэфэрэндуму гатоўнасьць узяць у ім удзел выказвалі 57% рэспандэнтаў, зь іх 51% выказвалі намер прагаласаваць за прапанаваны праект новай Канстытуцыі — такія дадзеныя агучыў сёньня сацыёляг прафэсар Андрэй Вардамацкі.
Па тэлефоне былі апытаныя 1000 чалавек.
Прафэсар Вардамацкі заўважыў, што, паводле дадзеных ЦВК, яўка на рэфэрэндуме склала 77% (перавышэньне ў параўнаньні з дадзенымі апытаньня на 20%).
ЦВК таксама паведаміла, што за прапанаваны праект Канстытуцыі прагаласавала 65% ад усіх выбарнікаў (перавышэньне ў параўнаньні з дадзенымі апытаньня (28%) — у 37 адсоткавых пунктаў).
Паводле апытаньня, 7% з тых, хто быў гатовы ісьці галасаваць, мелі намер прагаласаваць супраць праекту Канстытуцыі і 11% — паставіць крыжыкі супраць абодвух варыянтаў адказу на пытаньне рэфэрэндуму.
Падчас апытаньня толькі 31% рэспандэнтаў выказалі ўпэўненасьць, што новая Канстытуцыя вырашыць тыя супярэчнасьці ў грамадзтве, якія праявіліся ў масавых пратэстах 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта новая Канстытуцыя? Вынікі апытаньня Chatham House- Паводле дадзеных апытаньня, для 41% беларусаў сацыяльныя сеткі і блогі зьяўляюцца крыніцай інфармацыі, да якой яны зьвяртаюцца найчасьцей, для 38% апытаных такой крыніцай зьяўляецца беларуская тэлевізія.
- Расейскія СМІ і сайты беларускіх недзяржаўных мэдыя зьяўляюцца крыніцамі інфармацыі, да якіх зьвяртаюцца найчасьцей, для прыкладна аднолькавых доляў апытаных у 15%.
- Падчас апытаньня задавалася пытаньне, ад якіх краінаў ідзе небясьпека для Беларусі. 43% апытаных назвалі такой крыніцай Расею, па 21% — Польшчу і Літву, 12% — Украіну.