Аўстралія і Нідэрлянды патрабуюць ад Расеі мільёны даляраў кампэнсацыі па справе аб зьбітым над Данбасам «Боінгу»

На месцы крушэньня «Боінга» MH17, зьбітага над Данбасам, 2014 год

Аўстралія і Нідэрлянды падалі ў суд на Расейскую Фэдэрацыю з патрабаваньнем выплаціць мільёны даляраў кампэнсацыі па справе аб крушэньні «Боінга» MH17, зьбітага над Данбасам у 2014 годзе.

Пра гэта паведаміла кіраўніца аўстралійскага МЗС Марыс Пэйн. Тады загінулі ўсе 298 чалавек, што былі на борце, большасьць зь іх — грамадзяне Нідэрляндаў.

«Будзем выкарыстоўваць усе даступныя сродкі для таго, каб прыцягнуць Расею да адказнасьці. Адмова Расейскай Фэдэрацыі ўзяць на сябе адказнасьць за свой удзел у крушэньні рэйса MH17 непрымальная, і ўрад Аўстраліі не выключае ніякіх прававых магчымасьцяў у сваім імкненьні да справядлівасьці», — гаворыцца ў сумеснай заяве кіраўніка МЗС Аўстраліі, прэм’ер-міністра краіны Скота Морысана, яго намесьніка Барнабі Джойса і генэральнага пракурора Мікеліі Кэш.

Абвінавачанымі па гэтай справе праходзяць палкоўнік запасу ФСБ Ігар Гіркін (Стралкоў), старшы афіцэр ГРУ ў адстаўцы Сяргей Дубінскі і падпалкоўнік запасу ПДВ Алег Пулатаў. Чацьвёрты абвінавачаны — камандзір выведнага падразьдзяленьня «ДНР» Леанід Харчанка. Ніводзін зь іх у суд не зьявіўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура Нідэрляндаў просіць пажыцьцёвыя тэрміны для Гіркіна і яшчэ трох абвінавачаных у справе аб крушэньні Boeing MH17

Ім прад’яўлены абвінавачаньні па артыкулах 168 і 289 Крымінальнага кодэксу Нідэрляндаў — у наўмысным зьнішчэньні самалёта і наўмысным забойстве. Пракуратура запрасіла для Гіркіна, Дубінскага, Пулатава і Харчанкі пажыцьцёвыя тэрміны.

Сьледзтва падае доказы таго, што «Боінг» зьбілі з кантраляванай сэпаратыстамі тэрыторыі з ракетнай сыстэмы «Бук», якая была дастаўлена з Расеі і належала расейскім вайскоўцам. Хто менавіта аддаў загад страляць і непасрэдна ажыцьцяўляў яго — пакуль не ўстаноўлена.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія новыя факты зьявіліся ў справе зьбітага ў 2014 годзе ў Данбасе самалёта MH17?