Галоўнае на гэты момант
- Краіны Эўразьвязу ўзгаднілі чацьвёрты пакет санкцый супраць Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну.
- ААН пра цывільных ахвяраў вайны ва Ўкраіне: станам на 13 сакавіка, ня менш за 636 загінулых і 1125 параненых.
- Расейскія войскі, якія трымаюць аблогу паўднёва-ўкраінскага гораду Марыюпалю, абстрэльваюць будынкі і аб’екты інфраструктуры, упершыню за 13 дзён блякады дазволілі выехаць з Марыюпалю ў Запарожжа першай калёне ў 160 прыватных аўтамабіляў. Тут загінула больш за 2100 мірных жыхароў
- Пачаўся чацьвёрты раўнд перамоў паміж Расеяй і Ўкраінай. Украіна патрабуе «міру, спыненьня агню, тэрміновага вываду Расеяй усіх войскаў».
- Уначы 14 сакавіка расейцы нанесьлі ракетны ўдар па Жытоміршчыне. 7 будынкаў зруйнавана, 34 чалавекі параненыя.
- Ад пачатку вайсковай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне загінулі 90 дзяцей і больш як 100 атрымалі раненьні.
- Пад Кіевам загінуў беларускі вайсковец «Тур», які стаяў ля вытокаў беларускага добраахвотніцкага руху дзеля абароны Ўкраіны ад расейскай агрэсіі. Ён служыў ва Ўзброеных сілах Украіны.
- На Чарнобыльскай АЭС аднавілі электразабесьпячэньне.
- Расейскія войскі забілі пад Кіевам амэрыканскага журналіста, яшчэ аднаго рэпартэра паранілі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 14 сакавіка
Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША: Кітай гатовы аказаць Расеі вайсковую падтрымку
Дзярждэпартамэнт ЗША адправіў саюзьнікам дакумэнт, у якім гаворыцца, што Кітай гатовы аказаць Расеі вайсковую дапамогу ў правядзеньні «спэцыяльнай апэрацыі» ва Ўкраіне. Аб гэтым паведамляе Financial Times са спасылкай на амэрыканскіх дыпляматаў. У амбасадзе Кітаю ў ЗША заявілі, што ім нічога не вядома аб падобных запытах ад Расеі.
Налёт на Жытоміршчыну
Каля 3 гадзіны ночы 14 сакавіка расейцы нанесьлі ракетны ўдар па вёсцы Ставішча Брусілаўскага раёну Жытомірскай вобласьці. Паводле інфармацыі ратавальнікаў, у выніку ракетнага ўдару па адміністрацыйных будынках 4 чалавекі атрымалі раненьні, разбурана 7 будынкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кадыраў паведаміў, што прыехаў у зону баёў пад Кіевам, яму дакладвалі аб захопе дзіцячага дома: «Ложкі былі яшчэ цёплыя»Абстрэлы ўкраінскіх гарадоў працягваюцца
У Кіеве ад абстрэлаў раніцай 14 сакавіка загінулі як мінімум 2 асобы і больш за 10 атрымалі траўмы. У Абалонскім раёне снарад трапіў у шматпавярховы будынак. Як паведамляюць ратавальнікі, як мінімум двое загінулі.
Расейскія войскі раніцай абстралялі два жылыя раёны і авіязавод «Антонаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве атакавалі авіязавод «Антонаў», на ім пачаўся пажар. ВІДЭААд авіяўдару 14 сакавіка пацярпела тэлевежа ў Ровенскай вобласьці. Тэлевізія і радыё перасталі прымацца.
Аблога Марыюпалю не спыняецца, узгаднілі 10 гуманітарных калідораў
Віцэ-прэм’ерка Ўкраіны Ірына Верашчук паведаміла аб узгадненьні на 14 сакавіка пры пасярэдніцтве Чырвонага Крыжа маршрутаў для 10 гуманітарных калідораў. Мірных жыхароў будуць эвакуаваць з Кіеўскай, Луганскай і Данецкай абласьцей.
«Мы будзем намагацца сёньня разблякаваць нарэшце рух гуманітарнага грузу зь Бярдзянску праз Мангуш у Марыюпаль», — паведаміла Ірына Верашчук.
Напярэдадні калёна з гуманітарнай дапамогай для Марыюпалю выйшла з Запарожжа, але да месца не дайшла праз расейскія абстрэлы. Яна мае завезьці ў горад прадукты харчаваньня, ваду і лекі, а на зваротным шляху вывезьці мірных грамадзян з заблякаванага гораду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія войскі ўпершыню за 13 дзён аблогі адкрылі блякаду Марыюпалю для мірных жыхароўШкода школам Украіны
У Міністэрстве адукацыі і навукі Ўкраіны заявілі, што з пачатку расейскага ўварваньня 24 лютага расейскія войскі пашкодзілі 379 навучальных устаноў Украіны, некаторыя зь іх цалкам разбураныя. Усю інфармацыю аб установах зьбіраюць на спэцыяльным сайце.
Уцекачы ад вайны
Агулам, паводле Офіса Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, па стане на 12 гадзіну 13 сакавіка з Украіны выехалі амаль 2 мільёны 809 тысяч грамадзян. Найбольш — 1 мільён 720 тысяч — знайшлі прытулак у Польшчы. 225 тысяч грамадзян выехалі ў Вугоршчыну, 204 тысячы — у Славаччыну, 107 тысяч — у Малдову, 131 тысяча — у Расею (пераважна з так званых «ЛДНР»), 84 тысячы — у Румынію, 1226 чалавек — у Беларусь.
Небясьпека на акупаванай расейцамі ЧАЭС
У зоне адчужэньня каля Чарнобылю пачаліся пажары. Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла пра намер Расеі справакаваць новую тэхнагенную катастрофу на захопленай расейскімі войскамі Чарнобыльскай АЭС і ўскласьці адказнасьць за гэта на ўкраінскую ўладу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна заявіла МАГАТЭ, што пэрсанал ЧАЭС больш не займаецца абслугоўваньнем станцыі. Туды прыбылі расейскія спэцыялістыУвечары 13 сакавіка ўкраінскія службы энэргазабесьпячэньне ЧАЭС аднавілі, раней Лукашэнка казаў Пуціну, што электрычнасьць на станцыю падалі нібыта зь Беларусі, але ў Кіеве гэта абверглі. 14 сакавіка ў Славуцічы паведамілі, што ЧАЭС і горад зноў засталіся без электрычнасьці.
У выніку абстрэлу пашкоджана Алішэўскае падземнае сховішча газу на Чарнігаўшчыне
У будынак на тэрыторыі падземнага газасховішча трапіў снарад. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні дзяржаўнай кампаніі Ўкраіны па здабычы, транспартаваньні і перапрацоўцы нафты і прыроднага газу «Нафтагаз».
Што адбываецца ў Расеі
14 сакавіка на тэрыторыі Расеі заблякавалі Instagram
Па дадзеных Netblocks і Globalcheck, правайдэры запусьцілі працэс блякаваньня доступу да папулярнай сацыяльнай сеткі ў ноч на 14 сакавіка. Блякаваньне тлумачаць тым, што «кіраўніцтва сацыяльнай сеткі насуперак міжнароднаму праву ўпершыню ў гісторыі і толькі ў адносінах да расейцаў дазволіла заклікі да гвалту».
У розных гарадах Расеі 13 сакавіка прайшлі антываенныя акцыі
Больш за 800 затрыманых.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. 13 сакавіка жыхары Лунінца Берасьцейскай вобласьці зьнялі чарговы вылет ракет на ўкраінскую тэрыторыю.
Тым часам ва Ўкраіне фармуецца беларускі добраахвотніцкі батальён імя Кастуся Каліноўскага, які зьбіраецца ваяваць супраць расейскіх акупантаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фізычным асобам забаранілі купляць валюту на беларускай біржы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: УВАГА! Як бясьпечна і ананімна паведаміць нам важную інфармацыюЯк рэагуе сьвет
Краіны Эўразьвязу, Вялікая Брытанія, ЗША, Канада, Японія ўвялі санкцыі супраць Расеі і Беларусі як саўдзельніцы ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Сотні замежных кампаній заявілі пра вывад свайго бізнэсу з Расеі і Беларусі.
Пра магчымасьць хімічнага нападу з боку Расеі папярэдзіў генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг. На яго думку, заявы Масквы аб тым, што ва Ўкраіне нібыта працуюць лябараторыі па вытворчасьці хімічнай і біялягічнай зброі, могуць быць падрыхтоўкай да такога кроку з боку самой Расеі. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што NATO перагледзіць сваю пазыцыю аб неўмяшаньні ў канфлікт ва Ўкраіне ў выпадку, калі Расея прыменіць хімічную зброю.
Вялікая Брытанія шукае новыя магчымасьці дапамагчы Украіне ўмацаваць абарону. Кіраўнік брытанскага ўраду Борыс Джонсан расказаў пра гэта прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскаму падчас тэлефоннай размовы 13 сакавіка.
Вядомы фінансіст і філянтроп Джордж Сорас мяркуе, што лідэр КНР Сі Цзіньпін даў Пуціну карт-блянш на ўварваньне ва Ўкраіну і што гэта «стала пачаткам трэцяй сусьветнай вайны, якая патэнцыйна можа зьнішчыць нашу цывілізацыю».
Амэрыканскі палітоляг і філёзаф Фрэнсіс Фукуяма лічыць, што поўная параза Расеі ўсё бліжэй. На яго думку, войска ў палявых умовах дасягне пункту, калі яно ня зможа ні атрымаць рэсурсы, ні адступіць, і баявы дух выпарыцца.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.