Расея і Ўкраіна заявілі аб руху да кампрамісу

Міхаіл Падаляк

Расея і Ўкраіна на фоне баявых дзеяньняў, якія працягваюцца, рухаюцца да кампрамісу ў перамовах. Пра гэта ў размове з газэтай «КоммерсантЪ» паведаміў раднік кіраўніка офіса ўкраінскага прэзыдэнта Міхаіл Падаляк.

Паводле яго слоў, расейскі бок глядзіць на сытуацыю «значна больш адэкватна», чым раней. Перамовы працягваюцца бесьперапынна ў відэафармаце, сказаў Падаляк. Ён таксама адзначыў, што ў рамках перагаворнага працэсу створаныя рабочыя групы. Іх спэцыфіку раднік не ўдакладніў. Чарговая, чацьвёртая па ліку, вочная сустрэча перамоўшчыкаў можа адбыцца ўжо на наступным тыдні.

«На стале перамоваў зараз ляжаць розныя прапановы, іх шмат, там дзясятак прапаноў. У тым ліку і па палітычным урэгуляваньні і, галоўнае, па ваенным урэгуляваньні. Я маю на ўвазе спыненьне агню, формулу спыненьня агню і вываду войскаў», — паведаміў Падаляк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У розных гарадах Расеі праходзяць антываенныя акцыі. Больш за 800 затрыманых

У сваю чаргу прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначыў, што перамовы сталі больш зьмястоўнымі. «Група ўкраінцаў і расейскіх прадстаўнікоў абмяркоўваюць ці тыя іншыя пытаньні, пачалі пра нешта казаць, а не кідаць ультыматум», — сказаў Зяленскі на сустрэчы з журналістамі.

Расея пакуль не заяўляла, што яе першапачатковыя патрабаваньні зьмяніліся. Масква, у прыватнасьці, настойвае на адмове ад уступленьня Украіны ў NATO, прызнаньні Крыма расейскім, а так званых «ДНР» і «ЛНР» — незалежнымі.

Адно з патрабаваньняў Масквы аб «дэнацыфікацыі» Украіны, па словах Падаляка, сышло на нішто. «Першасна расейская дэлегацыя зыходзіла зь ілжывага пасылу аб тым, што ў нас ёсьць нейкія гераізацыі фашызму, нацызму і гэтак далей. У нас жа, як аказалася, і для іх гэта было дзіўна, ёсьць цэлы шэраг эўрапейскіх законаў, дзе якраз прапісаны паўнавартасныя забароны і асуджэньне ўсіх праяў нацызму і фашызму», — падкрэсьліў Падаляк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцы разбамбілі школу пад Мікалаевам. ФОТА і ВІДЭА

Раднік нагадаў, што бакі дамовіліся не камэнтаваць зьмест перамоваў да ўзгадненьня ключавых пазыцый. Пры гэтым Падаляк адзначыў, што бакі абмяркоўваюць верагодныя мэханізмы кампэнсацыі ўкраінскаму боку за маштабныя інфраструктурныя разбурэньні. Кіеў чакае кампэнсацыі ад Масквы, піша «КоммерсантЪ».

У пятніцу, 11 сакавіка, аб пазытыўных зрухах у перамовах з Украінай паведаміў Уладзімір Пуцін. У сваю чаргу прадстаўнік Крамля Дзьмітрый Пяскоў расказаў аб магчымай сустрэчы Пуціна і Зяленскага. Паводле слоў Пяскова, да сустрэчы прэзыдэнтаў сваю частку работы павінны выканаць міністры замежных спраў і перагаворшчыкі дзьвюх краін.

«КоммерсантЪ» мяркуе, што па лініі МЗС Расеі і Ўкраіны наладзіўся кантакт. Крыніца выданьня паведаміла, што нядаўняя сустрэча міністраў замежных спраў Расеі і Ўкраіны ў Турцыі прайшла без прарываў, але карэктна, хаця раней Сяргей Лаўроў і Дзьмітрый Кулеба з цяжкасьцю хавалі ўзаемную непрыязнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы: ужываньне Пуціным хімічнай зброі дасьць NATO зялёнае сьвятло