Улады ў Менску і Кіеве выказалі ўпэўненасьць, што беларускае войска нападаць на Ўкраіну ня будзе

Беларускае войска. 2021 год

Пасьля інцыдэнту на беларуска-украінскай мяжы, калі расейскі самалёт страляў па незаселенай тэрыторыі з украінскага боку, і ў Менску і ў Кіеве выступілі з заявамі, якія маюць на мэце заспакоіць грамадзтвы наконт магчымага далучэньня беларускіх салдат да расейскай вайны з Украінай.

Мінабароны Беларусі: «Будзем толькі на сваёй тэрыторыі»

«Перамяшчэньне беларускіх войскаў ніякім чынам не зьвязана з падрыхтоўкай, а тым больш удзелам беларускіх вайскоўцаў у спэцыяльнай ваеннай апэрацыі на тэрыторыі Ўкраіны, – сказаў 12 сакавіка начальнік генэральнага штабу Ўзброеных Сіл Беларусі генэрал-маёр Віктар Гулевіч.--Родных і блізкіх вайскоўцаў магу запэўніць як начальнік генэральнага штабу, што нашы Ўзброеныя Сілы задачы па забесьпячэньні ваеннай бясьпекі Рэспублікі Беларусь выконваюць толькі на сваёй тэрыторыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сацыёлягі апыталі беларусаў, ці падтрымалі б яны ўдзел Беларусі ў вайне з Украінай

У Зяленскага мяркуюць, што беларускае войска ня будзе браць удзелу ў вайне

Дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч заявіў, што беларускае войска ня будзе браць удзелу ў вайне Расеі з Украінай з прычыны прынцыповай пазыцыі беларусаў. Як перадае УНІАН, пра гэта ён сказаў у эфіры інфармацыйнага тэлемаратону.

«Беларускае камандаваньне піша расіянам адпіскі і свайму ўласнаму кіраўніцтву, што нізкі маральны дух, мы ня можам. Ён ня нізкі, проста беларусы разумныя людзі і яны робяць рацыянальны выбар», — сказаў ён.

Арастовіч дадаў, што колькасьць беларускага войска складае 45 тысяч чалавек, баяздольных з гэтай колькасьці, паводле самых аптымістычных ацэнак, ня больш за 17 тысяч. Рэальна баяздольных 5–7 тысяч салдат.

«Найбольш баяздольная 103 Віцебская дэсантная брыгада. Яна знаходзіцца на межах з Украінай, і там ад радавога да афіцэра ніхто ня хоча браць удзел. Беларусы — яны не баязьліўцы. Яны проста цьвяроза лічаць: навошта ім гінуць і сварыцца канчаткова з суседзямі, якіх яны лічаць амаль братэрскім народам, дзеля капрызу лысага крамлёўскага карліка?» — сказаў Арастовіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Магчымая правакацыя». Міністар абароны Ўкраіны зьвярнуўся да беларусаў

Паводле яго слоў, калі беларускае войска ўсё ж атрымае загад ваяваць, яны пяройдуць мяжу, але ня будуць ваяваць або будуць абмежавана ваяваць, або ўвогуле пяройдуць на наш бок і зоймуць нэўтральную пазыцыю.

«Нават калі яны рэальна пойдуць у бой, яны выставяць 5 батальёнаў тактычнай групы. Гэта практычна нішто, улічваючы сучасны размах», — падкрэсьліў дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейцы выламалі дзьверы ў кватэрах, рабуюць, забіраюць у людзей апошнюю ежу». Як беларус выбраўся з акупаванага Гастомеля

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.