Пачалі судзіць палітзняволенага экс-пракурора Бабака: суд зрабілі закрытым
11 сакавіка ў Менскім гарадзкім судзе пачаўся суд над палітзьняволеным былым памочнікам пракурора Першамайскага раёна Менска Яўгенам Бабаком, якога ўжо дзевяць месяцаў утрымліваюць пад вартай.
Яго абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (групавыя дзеяньні, якія парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 1 арт. 130 (распальваньне варожасьці). Справу супраць палітвязьня разглядае суддзя Валянціна Зянькевіч, дзяржаўнае абвінавачваньне падтрымлівае Аліна Касьянчык. Працэс зрабілі закрытым, паведамляе «Вясна».
За што перасьледуюць экс-пракурора
Яўгена Бабака вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — ч. 1 арт. 342 (групавыя дзеяньні, якія парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 1 арт. 130 (распальваньне варожасьці).
У жніўні 2020-га Бабак пачаў праверку людзей у форме ДАІ, якія пабілі байкераў у менскім Уруччы ўначы 11 жніўня. Аднак начальства спыніла праверку, а самога Бабака прымусілі звольніцца.
10 чэрвеня 2021 году кватэру экс-пракурора разграмілі пры ператрусе, а самога яго арыштавалі — сьпярша быў адміністрацыйны арышт, а потым пачалі крымінальную справу.
Як піша «Наша Ніва», напачатку працэсу пракурор Касьянчык заявіла хадайніцтва зрабіць пасяджэньне закрытым, бо ў матэрыялах справы маецца інфармацыя з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў. Перад закрыцьцём працэсу Яўген пасьпеў пацікавіцца курсам рубля і паіранізаваць, што незадоўга да затрыманьня плянаваў пераехаць у Кіеў. Таму цяпер лічыць, што пакуль можна і пасядзець, бо іначай давялося б ваяваць.
Яўген перадае прывітаньне ўсім, хто яго падтрымлівае, кажа, што ў яго ўсяго хапае, а калі ёсьць жаданьне ахвяраваць яму, то лепш накіраваць гэтыя сродкі на дапамогу дзецям з праграмы UNIHELP. Рэкляму з просьбай падтрымкі ад сем'яў ён часта бачыць па тэлевізары ў камэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля 15 сутак ня выйшаў на волю экс-пракурор Яўген Бабак. Яго арыштавалі на новы тэрмін