Эўразьвяз адмовіўся прымаць Украіну ў свае шэрагі паводле паскоранай працэдуры

Эманюэль Макрон

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон на прэсавай канфэрэнцыі па выніках саміту ЭЗ у Вэрсалі заявіў, што Эўразьвяз адказвае «не» на просьбу ўладаў Украіны прыняць краіну ў свае шэрагі паводле паскоранай працэдуры.

«Я магу зразумець эмоцыі і чаканьні. Учора Эўрапейская Рада накіравала вельмі ясны і выразны сыгнал наконт лёсу Ўкраіны ў Эўропе. Ці можам мы прыняць выключныя меры ў дачыненьні да краіны, якая знаходзіцца ў стане вайны без захаваньня крытэрыяў для ўступленьня? Адказ — не», — сказаў Эманюэль Макрон.

Адначасова ён і іншыя лідэры ЭЗ заявілі пра гатоўнасьць узмацніць ціск на Маскву шляхам прыняцьця новага пакету санкцыяў, а таксама пра намер нарошчваць вайсковую дапамогу Ўкраіне ва ўмовах расейскага ўварваньня ў гэтую краіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэры Эўропы ў Вэрсалі: «Расея і яе саўдзельніца Беларусь нясуць поўную адказнасьць за гэтую агрэсіўную вайну»

Як паведаміў у пятніцу кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль, лідэры 27 краінаў-чальцоў ЭЗ, якія ўдзельнічалі ў саміце ў Вэрсалі, пагадзіліся дадаткова выдзеліць 500 мільёнаў эўра на патрэбы абароны для Ўкраіны. Раней на гэтыя мэты Эўразьвяз выдзеліў 450 мільёнаў эўра.