Італьянская Eni прыпыняе закупку расейскай нафты. Хто яшчэ сыходзіць з Расеі

Найбуйнейшая італьянская нафтагазавая кампанія Eni прыпыняе заключэньне новых кантрактаў на закуп нафты і нафтапрадуктаў з Расеі.

Рашэньне прынятае з прычыны ўводу расейскіх войскаў і баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны.

Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на перададзены ў сераду электронны камэнтар кіраўніцтва кампаніі. У Eni адзначаюць, што пільна сочаць за разьвіцьцём падзей у адносінах да закупак расейскага газу.

Раней брытанская British Petroleum і брытанска-нідэрляндзкая Shell адмовіліся заключаць кантракты на набыцьцё расейскай нафты і газу.

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ў сераду пераважнай большасьцю галасоў ухваліла законапраект аб забароне імпарту ў краіну расейскай нафты. Цяпер дакумэнт паступіць на разгляд Сэнату. Абмежаваньні на расейскія энэрганосьбіты на гэтым тыдні прапанаваў увесьці амэрыканскі прэзыдэнт Джо Байдэн у адказ на ўвод расейскіх сілаў на тэрыторыю Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што гаварылі на перамовах міністраў замежных спраў Украіны і Расеі у Антальлі і чым яны скончыліся

Рашэньне Байдэна падтрымала Вялікая Брытанія і некалькі краін Эўрапейскага Зьвязу.

Прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Расея ня будзе абмяжоўваць пастаўкі сыравіны ў Эўропу ў адказ на санкцыі.

Заходнія санкцыі, якія ўводзяцца пасьля пачатку ўварваньня, ужо адрэзалі Расею ад міжнароднага гандлю і фінансавых рынкаў, але аж да гэтага тыдня пад санкцыйны рэжым не падпадаў экспарт яе энэрганосьбітаў, піша Reuters.

Аб рашэньні пакінуць расейскі рынак або прыпыніць удзел у ім абвясьцілі дзясяткі замежных кампаній. 10 сакавіка стала вядома, што новыя інвэстыцыі ў Расеі, а таксама рэклямную актыўнасьць у РФ і Беларусі згортвае амэрыканскі вытворца прадуктаў харчаваньня і кармоў для жывёл Mars Inc.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея адразу пасьля перамоў з Украінай у Турэччыне аднавіла абстрэлы заблякаванага Марыюпалю

Інвэстыцыі прыпыняе Mondelez International, у якой адкрытыя тры заводы ва Ўладзімірскай і Наўгародзкай абласьцях і якой належаць такія брэнды, як Alpen Gold, Milka, Toblerone, Halls, Picnic, Dirol і іншыя.

Дацкі канцэрн Carlsberg, які валодае ў Расеі кампаніяй «Балтыка», спыняе вытворчасьць піва пад сваім флягманскім брэндам і таксама адмаўляецца ад рэклямы.

Японскі аўтаканцэрн Toyota Motor прыпыніў вытворчасьць і пастаўкі ў Расею, але пакуль не плянуе пакідаць расейскі рынак. «Пастаўкі аўтамабіляў Toyota і Lexus у Расею часова прыпыненыя да далейшага апавяшчэньня ў сувязі з парушэньнем лягістычных ланцужкоў», — паведамілі Інтэрфаксу ў кампаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея пацьвердзіла наўмысныя абстрэлы дзіцячай лякарні ў Марыюпалі

Google абмежаваў працу крамы прыкладаньняў Google Play у Расеі. Спампаваць можна будзе толькі бясплатныя прыкладаньні. Прычынай кампанія называе праблемы з сыстэмай аплаты.

Таксама паведамляецца, што з 10 сакавіка Visa і Mastercard спыняюць абслугоўваньне расейскіх карт за мяжой. Унутры Расеі яны працягнуць працаваць як звычайна. Раней паведамлялася, што абедзьве гэтыя плацёжныя сыстэмы адначасова абвясьцілі аб спыненьні працы на расейскім рынку.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.