У першыя дні нападу Пуціна на Ўкраіну нямецкая палітыка, як падалося, застыла ў шокавым стане. У той час, як увесь заходні сьвет безумоўна стаў на бок Украіны, што абаранялася, і нават Швэцыя пачала пастаўкі зброі, Нямеччына — краіна, якая ў апошнія гады аказвала Кіеву ўсеабдымную падтрымку ў межах двухбаковых адносін, — апынулася тормазам у самы вырашальны момант.
Рэпутацыя і давер да Нямеччыны сярод нашых партнэраў ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе знаходзіліся некалькі дзён у стане свабоднага падзеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працяг эвакуацыі з Сумаў, новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі. 14-ы дзень расейскай вайны ва ЎкраінеКалі ў дзень пачатку вайны ў сталіцы Літвы Вільні тысячы людзей выйшлі на дэманстрацыю супраць Пуціна, то на наступны дзень акцыя пратэсту праходзіла ўжо ля амбасады Нямеччыны — праз адчай наконт таго, што фэдэральны ўрад (на той момант) не падтрымаў санкцыі ў выглядзе адключэньня SWIFT. Наступны разварот зьнешняй палітыкі Нямеччыны на 180 градусаў увойдзе ў падручнікі па гісторыі як гістарычны пералом, а нашыя партнэры даруюць нам нашую нерашучасьць. Але, магчыма, азіраючыся назад, можна сказаць, што гэты момант ваганьняў мае ўсё ж і адзін добры бок: ён дапамае ўбачыць неабходнасьць абсалютна новага пачатку.
Нямеччына прачнулася
Як і ў 2014 годзе пасьля анэксіі Крыму, у гэтыя дні многія нашыя партнэры ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе кажуць: «Мы вас увесь час папярэджвалі, а вы не хацелі слухаць». Як быццам бы ўжо шмат гадоў запар шматлікія нямецкія экспэрты па Ўсходняй Эўропе і аглядальнікі сытуацыі ў Расеі выразна не ўказвалі на тое, што Крэмль сыстэматычна спрабуе падарваць заходнія дэмакратыі з дапамогай кібэратак і фэйкавых навін, што Расея стала «выпрабоўвае» NATO на час яе рэакцыі, і нават не пабаялася ўчыніць забойства і замах на забойства ў цэнтры Бэрліну ці Солсбэры. Таксама было вядома і тое, што рэпрэсіі супраць іншадумцаў у Расеі станавіліся ўсё больш масавымі, што адукаваныя людзі сотнямі тысяч пакідалі краіну.
«Нямеччыне даўно трэба было спыніць усе марныя дыялёгавыя фарматы, выканаць мэты, зададзеныя NATO, і разарваць адносіны з Расеяй у сфэры энэргетыкі, таму што Пуцін разумее толькі жорсткі падыход!» — такі быў асноўны пасыл у шматлікіх размовах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта акупацыя са згоды рэжыму». Нямецкі экспэрт пра расейскія вучэньні ў БеларусіУсяго гэтага не адбылося, і Нямеччына ўпарта аж да самаадмаўленьня і разбурэньня даверу да сябе нашых самых важных партнэраў, нягледзячы на ўсе папярэджаньні аб небясьпецы, заставалася да апошняга моманту (і нават крыху даўжэй) непахіснай у сваім спадзеве «вырашыць рознагалосьсі дыпляматычным шляхам» і «прывязаць» Расею праз гандлёвыя адносіны. І зараз гэты факт паказвае вельмі выразна, наколькі пуцінская прапаганда аб тым, што «варожы Расеі Захад» хацеў ізаляваць Расею, не даць ёй разьвівацца і ўвесь час пагражаў, была дыямэтральна супрацьлеглай рэчаіснасьці.
«Зусім не ў парадку»
«Гэта вайна Пуціна», — заявіў канцлер Шольц. З аднаго боку, немагчыма сьцьвярджаць, што напад — гэта асабістая справа прэзыдэнта, якая не мае ніякага дачыненьня да «Расеі». Пуцінская сыстэма будавалася больш за 20 гадоў і знаходзіла да гэтага часу шырокую падтрымку сярод насельніцтва.
Першы напад на Ўкраіну і анэксія Крыма восем гадоў таму выклікалі патрыятычны экстаз. Таму санкцыі, якія ўводзяцца гэтымі днямі, зьяўляюцца беспрэцэдэнтнымі і закранаюць акрамя эліт — як забарона на ўезд ці канфіскацыя актываў — і дзяржаўных энэргетычных кампаній, банкаў і прапагандысцкіх тэлеканалаў яшчэ і Расею, і яе насельніцтва ў цэлым. Блякада паветранай прасторы, выключэньне з Алімпійскіх гульняў, УЭФА і Эўравізіі і, вядома, маштабныя «цэнавыя эфэкты» на расейскім рынку накіраваныя на тое, каб усе ў Расеі заўважылі, што нешта там «зусім не ў парадку». Ва ўсім сьвеце гэтымі днямі рускія сутыкаюцца з абурэньнем: супэрмаркеты забараняюць расейскія прадукты, кампаніі спыняюць экспарт, расейскія караблі не запраўляюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЧАЭС цалкам абясточаная пасьля захопу расейскімі войскамі. Ці ёсьць небясьпека для БеларусіАле, з іншага боку, нават у стане жаху, роспачы і лютасьці істотна адрозьніваць рэчы: тое, што Мюнхэнскі філярманічны аркестар разьвітваецца з зорным дырыжорам Валерыем Гергіевым за яго адмову дыстанцыявацца ад Пуціна, ёсьць лягічным. Але тое, што гатэлі на балтыйскім узьбярэжжы Літвы ці рэстаран на поўдні Нямеччыны больш не жадаюць абслугоўваць «расескіх гасьцей», няправільна і контарпрадукцыйна. Значна больш слушнай была б шыльда: «Прыхільнікаў Пуціна не абслугоўваем». Бо проста не дакладна прыраўніваць тых, хто размаўляе па-расейску, да расейцаў, а ўсіх, хто зьяўляецца расейцам, непарыўна зьвязваць з Расеяй і падтрымкай Пуціна — як і лічыць, што любы, хто да гэтага часу падтрымліваў Пуціна, цяпер абавязкова падтрымлівае ўварваньне ва Украіну.
Для многіх з украінскіх змагароў і змагарак руская — родная мова
Гэта менавіта той наратыў, які расейскае кіраўніцтва спрабуе выкарыстаць на працягу доўгага часу, пераконваючы праз фальсыфікацыю выбараў, што рэйтынг ягонай папулярнасьці заўсёды высокі, і сьцьвярджаючы, што сувэрэнныя суседнія дзяржавы зьяўляюцца часткай «рускай зямлі». У гэтую пастку мы не павінны патрапіць. Мы ж не прытрымліваемся думкі, што кожны англамоўны чалавек на Зямлі зьяўляецца прыхільнікам Дональда Трампа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Разбамбаваная дзіцячая бальніца ў Марыюпалі. ФОТАСёньня расейская мова зьяўляецца афіцыйнай мовай у сямі краінах і працоўнай мовай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Для многіх з украінскіх змагароў і змагарак, якія абараняюць сваю краіну, руская — родная мова. Тое, што пытаньне мовы не зьвязанае наўпрост з палітычным пазыцыянаваньнем, паказвае і прыклад Беларусі — пратэсты супраць дыктатуры Лукашэнкі ў 2020 годзе былі пераважна расескамоўнымі. Таксама і ў нас у Нямеччыне расескамоўныя супольнасьці разнастайныя. Да пяці мільёнаў чалавек у Фэдэратыўнай Рэспубліцы валодаюць расейскай мовай, з іх каля трох мільёнаў — носьбіты мовы. Шляхі іх іміграцыі самыя розныя: яны прыехалі з Расеі, Малдовы, Казахстану, Украіны, Беларусі, Кыргызстану і іншых краін.
Пераважная большасьць зь іх выдатна інтэграваная ў грамадзтва — як старанныя, прыязныя і працавітыя суграмадзяне. Толькі каля 235 000 з іх маюць выключна расейскі пашпарт (для параўнаньня: у Нямеччыне 135 000 чалавек маюць выключна ўкраінскае грамадзянства), але нават гэта мала пра што сьведчыць. На буйных дэманстрацыях супраць вайны ў Бэрліне ці Кёльне ў апошнія дні можна было зноўку і зноўку ўбачыць плякаты: «Я расеец і супраць вайны».
Аб’яднаныя супраць Пуціна
Маюцца цудоўныя ініцыятывы салідарнасьці з боку расейцаў і немцаў з Расеі. На працягу многіх гадоў крамлёўскія СМІ сьвядома спрабавалі маніпуляваць рускамоўным насельніцтвам Нямеччыны і Эўропы. Таму зараз вельмі істотна, каб палітыкі і грамадзтва ў Нямеччыне наўпрост зьвярнуліся да сваіх расейскамоўных суграмадзян і ясна далі зразумець: Вы непарыўна зьвязаныя з намі! Вам тут радыя, і мы не дазволім нас раскалоць!
Нават тыя, хто гадамі абараняў Пуціна — ці то расейцы, ці немцы — заслугоўваюць атрымаць (апошні) шанец для ўсьведамленьня таго, якую шкоду ён наносіць, не ў апошнюю чаргу, рэпутацыі сваёй уласнай краіны, і для таго, каб зараз зрабіць правільны выбар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз спыняе апэрацыі з Нацбанкам Беларусі і забараняе выдаваць банкноты эўраЯк людзі аб’ядноўваюцца перад тварам вайны, можна пабачыць па краінах Балтыі. Тут доля расейскамоўных у некаторых краінах перавышае 30 адсоткаў насельніцтва. Канфлікты пачатку 1990-х гадоў наконт прыналежнасьці гэтых людзей да маладых рэспублік сёньня падаюцца даўно забытымі. Вядучыя палітыкі гэтых краін зьвяртаюцца са словамі аб згуртаванасьці да расейскамоўных эстонцаў, латышоў і літоўцаў — і гэтыя суграмадзяне вельмі добра разумеюць, што яны атрымліваюць ад магчымасьці жыць ва ўмовах свабоды ў ЭЗ.
Таксама і ў Беларусі, дзе Лукашэнка месяцамі стварае атмасфэру татальнага страху, людзі зноў падымаюцца. Яны змагаюцца супраць таго, каб іх краіну зараз выкарыстоўвалі для нападніцкай вайны. Не ў апошнюю чаргу і ў самой Расеі людзі выходзяць на дэманстрацыі. The Economist зафіксаваў пратэсты ў сацыяльных сетках у 50 найбуйнейшых гарадах краіны.
Дзьверы для Расеі не павінны быць закрытыя назаўжды
Больш за 6 000 расейскіх вучоных і навуковых журналістаў падпісалі заклік з крытыкай урада і патрабаваньнем спыніць вайну, і, нягледзячы на рэпрэсіі, многія мужныя грамадзяне адважваюцца выходзіць на вуліцы. На гэты момант маюцца зьвесткі аб больш як 6000 затрыманых.
У той час, як украінскія салдаты і добраахвотнікі дзень і ноч, рызыкуючы жыцьцём, абараняюць закон і свабоду, гэтыя людзі ў Расеі і Беларусі зьяўляюцца сумленьнем сваіх краінаў. Не ў апошнюю чаргу і ад іх залежыць спыненьне гэтага вар’яцтва. Яны павінны быць падтрыманыя, іх адвага — ушанаваная, да астатніх трэба апэляваць, як гэта робіць прэзыдэнт Зяленскі, неаднаразова зьвяртаючыся да людзей наўпрост.
Шырока распаўсюджанае ў Нямеччыне жаданьне ўцягнуць Расею ў арбіту нармальных адносін, па сутнасьці, заўсёды было правільным і застаецца такім — бо гэта менавіта пуцінская сыстэма, адносна якой больш не павінна існаваць ніякіх ілюзій. Але істотным застаецца — захаваць гэтую энэргію да таго дня, калі мірная Расея вернецца ў кола цывілізаваных краін. У гэты дзень Нямеччына павінна быць наперадзе і працягнуць руку дэмакратычнай Расеі.
Першапачаткова апублікавана на нямецкай мове на сайце t-online.